У офісе «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай 6 затрымалі апэратара Аляксандра Любянчука, паведаміў падчас жывога эфіру Алесь Залеўскі.
Дзяжурны Першамайскага РУУС заявіў Свабодзе: «У нас ў дзяжурцы такога Алеся Любянчука няма. Магчыма ён у кагосьці ў аддзеле, але мы пра гэта ня ведаем». Начальнік РУУС Парашчук у адпачынку, тэлефоны намесьнікаў Грамовіча і Бакача не адказваюць.
Рыхтуюцца забіраць абсталяваньне яшчэ з аднаго офісу «Белсату»
Як паведамілі Свабодзе супрацоўнікі «Белсату», яшчэ да аднаго менскага офісу тэлеканалу падагналі мікрааўтобус, у які, мяркуючы па ўсім, зьбіраюцца пагрузіць рэдакцыйнае абсталяваньне.
Раніцай гэты ж мінівэн быў задзейнічаны на вывазе тэлеапаратуры, кампутараў, нават «заднікаў» з эмблемай «Белсату» зь іншага месца, дзе абсталяваная студыя.
Міліцыя: У «Белсату» ператрусы праз «незаконнае выкарыстаньне таварнага знаку»
Зранку 31 сакавіка пачаліся ператрусы ў двух розных офісах тэлеканалу «Белсат» у Менску. Генэральны прадусар каналу Аляксей Мінчонак кажа Свабодзе, што прычыну ператрусаў на «Белсаце» ня ведаюць, але на ператрусы ёсьць ордэры Генпракуратуры.
Сувязі зь менскімі калегамі кіраўніцтва тэлеканалу цяпер ня мае.
Агнешка Рамашэўска: Гэта атака за надзвычайную актыўнасьць нашых журналістаў
Варшава заклікала Менск высьветліць абставіны вобшуку ў офісах «Белсату»
10.40 Пасьля ператрусу ў офісе тэлеканалу «Белсат» не засталося ніякага тэлевізійнага абсталяваньня і кампутараў. Сілавікі вынесьлі ўсю тэхніку і нават банэр з надпісам «Белсат». Журналісты каналу прыйшлі ў пусты офіс. Алесь Залеўскі бачыў, як пагрузілі ўсё белы мінівэн.
Паводле папярэдняй інфармацыі нікога з журналістаў не затрымалі.
Ператрус у офісах Белсату пракамэнтаваў для Свабоды прадстаўнік кіраўніцтва тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі:
«Мы ўжо, на шчасьце, адзвычаіліся на некаторы час ад ператрусаў. Але бачна, што лібэралізацыя, пра якую шмат казалі, скончылася. Скончылася падзеямі 25 сакавіка ў Менску і масавымі арыштамі, у тым ліку і журналістаў. Цяпер улады яшчэ мацней бяруцца за тых, хто распаўсюджвае інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне. Яны баяцца, што разыходзіцца інфармацыя пра масавае незадавальненьне людзей. І ўладам трэба нэўтралізаваць тых, хто яе распаўсюджвае».
Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Фэйсбуку, што «закрыцьцём „Белсату“ польская дыпляматыя прыбрала ад яго ахоўны парасон».
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў Свабодзе сумневы ў афіцыйнай прычыне ператрусаў:
«Падстава, як кажуць тыя, хто праводзіць ператрусы, гэта парушэньне заканадаўства аб аўтарскай уласнасьці. Але мне здаецца, гэта наўпрост зьвязана з тым, як „белсатаўцы“ асьвятлялі акцыі пратэсту ў сакавіку.
Мы будзем размаўляць зь менскім кіраўніцтвам „Белсату“, будзем высьвятляць, якія дзеяньні будуць надалей. І мы будзем інфармаваць пра сытуацыю, ужо гэта робім».
Тэлеканал «Белсат» — частка польскай грамадзкай тэлевізіі TVP. У сьнежні стала вядома, што МЗС Польчшы прыняло рашэньне прыпыніць фінансаваньне тэлеканалу. У дадзмены момант яго праца фінансуецца Польскай тэлевізіяй. На думку дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай, адмова МЗС фінансаваць Белсат азначае фактычнае закрыцьцё тэлеканалу, бо TVP ня ў стане самастойна фінансаваць спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі.