Канкрэтныя сфэры, у якіх мяркуецца пашыраць і паглыбляць стасункі, не называюцца, але акцэнт робіцца на адукацыйную сфэру. Паводле афіцыйных зьвестак, лідэрскія пазыцыі сярод іншаземцаў у беларускіх ВНУ ўпэўнена утрымліваюць навучэнцы з Туркмэністану — цяпер іх больш за 8 тысяч. І чакаецца, што пасьля новых пагадненьняў туркмэнскіх студэнтаў будзе яшчэ больш.
У прыватнасьці, падпісаны дамовы паміж Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэтам спажывецкай каапэрацыі і Туркмэнскім дзяржаўным інстытутам эканомікі і кіраваньня, Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэтам імя Пушкіна і Туркмэнскім дзяржаўным пэдагагічным інстытутам імя Сэйдзі, Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэтам і Туркмэнскім дзяржаўным інстытутам эканомікі і кіраваньня, Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэтам і Дзяржаўным энэргетычным інстытутам Туркмэністану.
Падпісаны мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж Полацкім дзяржаўным унівэрсытэтам і Міжнародным унівэрсытэтам нафты і газу. Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і Акадэмія навук Туркмэністану падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці, адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.
Гэтаксама ўхваленая праграма супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Дзяржаўным камітэтам Туркмэністану ў сфэры турызму.
Сёньня кіраўнікі Беларусі і Туркмэністану возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцьця Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбінату, які ўзводзіўся пры дапамозе беларускіх спэцыялістаў.