Андрэя Бандарэнку вінавацяць паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу — у злосным парушэньні парадку адбыцьця пакараньня ў турме № 4. За тры дні да сканчэньня трохгадовай няволі Бандарэнку пагражаюць яшчэ два гады паводле другой часткі 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Сваёй віны Бандарэнка не прызнае.
29 сакавіка судзьдзя Сяргей Мазураў дапытваў сьведак — кантралёраў і супрацоўнікаў магілёўскай турмы № 4, дзе адбывае пакараньне Бандарэнка. У кожнага зь іх Андрэй Бандарэнка і адвакат знаходзілі супярэчнасьці ў паказаньнях, аднак нічога зрабіць з гэтым не маглі. Практычна кожнае іхнае пытаньне судзьдзя Мазураў здымаў.
Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Мінаў таксама заявіў, што ніякіх супярэчнасьцяў у паказаньнях сьведак ён ня бачыць, чым выклікаў сьмех у зале.
Адвакат Бандарэнкі Вадзім Мушынскі папрасіў суд вынесьці апраўдальны прысуд, каб 31 сакавіка падабаронны змог абняць свайго бацьку. Мушынскі даводзіў суду, што яго падабароннага ўжо каралі ў дысцыплінарным парадку за правапарушэньні, якія далі падставы для крымінальнай справы. Таму, казаў адвакат, Бандарэнку нельга прыцягваць да адказнасьці паводле 411 артыкулу, паколькі будзе парушаны найважнейшы прынцып юрыспрудэнцыі: нельга караць за адно правапарушэньне двойчы.
Мушынскі зьвярнуў увагу суду, што справа Бандарэнкі рэзанансная, пра што сьведчыць, паводле яго, поўная заля людзей. Мушынскі адзначаў, што ў паказаньнях супрацоўнікаў турмы былі супярэчнасьці і яны «відавочна заблыталіся». Паказаньні не пасьлядоўныя, не праўдзівыя і трактуюцца супраць Бандарэнкі, настойваў адвакат.
Бандарэнку не давалі магчымасьці асабіста даваць тлумачэньні наконт таго, у чым яго вінавацяць, казаў Мушынскі. Тры эпізоды правапарушэньняў, паводле якіх распачалі справу, у судзе не даказаныя, лічыць адвакат. Адміністрацыя папраўчай установы пасьпяшалася з рапартам у Сьледчы камітэт, каб распачалі справу.
«Так, Бандарэнка няпросты асуджаны для папраўчай установы. Ён пісаў скаргі, і магчыма на іх так адрэагавала адміністрацыя», — выказаўся адвакат Мушынскі.
***
У выпадку асуджэньня Бандарэнкі паводле ч. 2 арт. 411 КК праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зьняволеным.
Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зьняволеньня. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнаньняў у розных месцах пазбаўленьня волі, дзе ён адбываў тэрмін. Праз гэта былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зьняволеньня заканчваецца 31 сакавіка 2017 году.
У Ленінскім судзе Магілёва пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць зьняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.
31 сакавіка ў Андрэя Бандарэнкі сканчаецца трохгадовы тэрмін пакараньня і ён мае быць вызвалены з-пад варты. Крымінальны ж перасьлед супраць яго, паводле праваабаронцаў, якія прыехалі на разгляд справы, ставіць пытаньне, ці будзе вызвалены Бандарэнка пасьля агучваньня выраку. Бо калі прысуд будзе абвінаваўчы, то яго абскардзяць, ён ня ўступіць у законную сілу, і асуджанага павінны вызваліць. Тым часам судзьдзя Сяргей Мазураў, як заўважылі прысутныя на працэсе, сьпяшаецца з разглядам справы.