Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліда з Парычаў аштрафавалі і канфіскавалі мабільнік за рэпост відэа пра анархістаў


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Інвалід першай групы Аляксандар Рабец зь мястэчка Парычы праз пошту атрымаў пастанову за подпісам судзьдзі Сьветлагорскага раёну Людмілы Сядзько, паводле якой ён аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (230 рублёў) за рэпост відэа пра акцыю анархістаў.

«На суд мяне не выклікалі, бо ў пратаколе, складзеным участковым на падставе артыкула 17.11 КаАП, я пазначыў, што згодны з выстаўленымі прэтэнзіямі», — кажа Рабец.

У судовай пастанове, якую вынесла судзьдзя Сядзько яшчэ 14 сакавіка, сказана, што Аляксандар Рабец 2 сакавіка «з дапамогай мабільнага тэлефона маркі „Самсунг“, скарыстаўшы акаўнт „Саша Рабец“ (vk.com), разьмясьціў у адкрытым доступе для агульнага агляду спасылку на інфармацыйны матэрыял суполкі „ЎКантакце»: «Гомель: акцыя анархістаў супраць уладаў (Відэа)“ ад 11.01.2016 году — „прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў“». Адначасова суд прызнаў, што склад злачынства ў дзеяньнях Рабца адсутнічае.

«Адсюль, пэўна, мінімальны штраф, — дадае інвалід. — Тым ня менш судзьдзя вырашыла канфіскаваць мой мабільны тэлефон».

Аляксандру 49 гадоў, большую частку зь іх ён правёў у ложку. Да 1991 году рабіў калгасным кіроўцам, але трапіў у аварыю. Ад таго й інваліднасьць. Мабільны тэлефон быў заўсёды пры ім як сродак зносін зь белым сьветам.

Штраф за аналягічны ўчынак накладзены 21 сакавіка Хойніцкім раённым судом на 26-гадовага мясцовага жыхара Максіма Максіменку. І памер штрафу аднолькавы — 10 базавых.

Максіменка яшчэ ў сьнежні 2015 году, скарыстаўшы свой акаўнт у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце», разьмясьціў спасылку на інфармацыйны матэрыял: «Жлобін: анархісты заклікаюць да страйку». Правапарушэньне выяўлена толькі сёлета, 2 сакавіка.

«Судзьдзя Кардаш, малады такі юрыст, які разглядаў маю адміністрацыйную справу, — кажа аштрафаваны Максіменка, — патлумачыў, што ніяк ня можа мяне вызваліць ад адказнасьці, бо першасны матэрыял паступіў з КДБ. Калі б я своечасова выдаліў гэты відэасюжэт са сваёй старонкі, то ніякай справы не было б. А то пад ім было чатыры камэнтары і адзін рэпост. Выглядае, што я спрычыніўся да распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Анархісцкая суполка «Рэвалюцыйнае дзеяньне» і яе паведамленьні занесеныя ў сьпіс экстрэмісцкіх у 2016 годзе і заблякаваныя для доступу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG