Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі суд — журналістам: каму не падабаюцца прысуды, той можа абскардзіць


Ад пачатку месяца за так званыя «маршы недармаедаў» у розных гарадах Беларусі, а таксама падчас акцыяў у Дзень Волі і на наступны дзень 26 сакавіка ў Менску былі затрыманыя дзясяткі журналістаў і блогераў, некаторыя асуджаныя да буйных штрафаў і адміністрацыйных арыштаў.

Чаму падчас працэсаў судзьдзі, за рэдкім выключэньнем, звычайна прымаюць бок сілавікоў, якія спачатку затрымліваюць, а потым выступаюць у якасьці сьведкаў? Чаму прысуды як пад капірку — лаяўся матам, размахваў рукамі, не падпарадкоўваўся патрабаваньням службовай асобы?

Свабода паспрабавала задаць гэтыя пытаньні памочніцы старшыні суду Маскоўскага раёну Менску Сафіі Асмалоўскай. Напярэдадні там слухалася некалькі рэзанансных спраў, уключна са справай палітыка Алеся Лагвінца, які «біўся галавой аб міліцэйскі аўтамабіль», журналіста тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенкі, які «мацюкаўся і правакаваў байцоў АМАПу», ды іншых.

— Журналісты выконваюць службовыя абавязкі гэтак жа, як і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Тым ня менш у судзе прымаюцца сьведчаньні толькі міліцыянтаў, на падставе іхных блытаных паказаньняў караюць. Чаму?

— Вы задаяце незразумелыя пытаньні, я ня буду нічога камэнтаваць. Рашэньне судом прынятае, і калі хтосьці зь ім ня згодны, то мае права абскардзіць цягам 10 сутак.

— Аляксандар Баразенка абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага перасьледу за прафэсійную дзейнасьць, даючы зразумець, што і журналісты, і міліцыянты мусяць працаваць у адным прававым полі.

— Вы зразумейце: непасрэдна прававую ацэнку вынесенай у судзе пастанове мусіць даць вышэйшая інстанцыя. А ніяк ня нашы з вамі разважаньні на гэтую тэму.

Паводле праваабаронцаў, ад пачатку сакавіка ў Беларусі затрымана больш за 70 журналістаў, якія прадстаўляюць беларускія і замежныя выданьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG