Еду ў тралейбусе. Сонца па-веснавому грэе і я, міжволі, падстаўляю свой твар пад цёплыя промні. Раптам чую звонкую беларускую гамонку, што разам з веснавымі промнямі радасна запаўняе тралейбус.
Гадоў з дваццаць таму, я ведаў ці ня ўсіх у Горадні, хто гаварыў па-беларуску. Неяк мэханічна паварочваюся, каб паглядзець, хто так ладна шчабеча, і бачу дзьве ярка і стылёва, па-веснавому апранутыя дзяўчыны. Яны весела расказваюць нешта адна адной і раз-пораз пырскаюць звонкімі праменьчыкамі сьмеху.
Долю сэкунды ўглядаюся ў іх сьветлыя вочкі, каб зразумець, што ня ведаю і ніколі іх не бачыў.
Мой позірк заўважае адна з дзяўчат, і ў тралейбусе вясна заціхае.
Ігар Кузьмініч
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org