Аляксандар Баразенка быў абвінавачаны паводле артыкулу 17.1 («Хуліганства»).
Ён быццам бы нецэнзурна лаяўся, запісана ў пратаколе. Баразенка распавёў, як ён ішоў ад Акадэміі навук па праспэкце з калегай Кацярынай Бахвалавай, журналістамі зь іншых СМІ. Калёны не было, ён працаваў.
У Баразенкі была вялікая камэра, пасьведчаньне. Яго затрымалі ў раёне крамы «Акіян», на скрыжаваньні Казлова і праспэкту. Супрацоўнікі «незразумелых падразьдзяленьняў» у дзіўнай форме перакрылі тратуар і загадалі ўсім ісьці ў аўтазак, сказаў Баразенка.
Аўтазак стаяў на праезнай частцы, на крайняй паласе з боку праспэкту Незалежнасьці. У ім было прыкладна 25 чалавек. Баразенка запытаўся чалавека ў масцы: «Прэсу таксама затрымліваеце?» — «Так», — адказаў сілавік і брудна нецэнзурна вылаяўся. Усіх павезьлі ў Маскоўскае РУУС. Судзьдзя задала ўдакладняльныя пытаньні: як ішоў, з кім, навошта.
Выступіла сьведка Кацярына Бахвалава, карэспандэнтка тэлеканалу «Белсат», калега Баразенкі, зь якім яна працавала разам 25 сакавіка. Яна распавяла, якая апаратура была ў Баразенкі, як яны вялі жывую трансьляцыю.
Момант затрыманьня калегі бачыла здалёк: ён не аказваў супраціву пры затрыманьні і ня лаяўся. Паўтараў, што ён журналіст. Бахвалава бачыла грубае затрыманьне Баразенкі, яе асабіста некалькі разоў штурхнулі, пагражалі затрымаць, але не затрымалі.
Наступны сьведка Варывончык, міліцыянт. Настойваў, што малады чалавек нецэнзурна лаяўся і гучна крычаў. Яго нібыта папярэдзілі, той не спыніўся. Падыходзіў ён да Баразенкі ў форме разам са сваім калегам.
Сьведка настойваў, што Баразенка лаяўся ў грамадзкім месцы. Баразенка задаў пытаньне сьведку: «У чым ён быў?» Сьведка ня памятае. Баразенка сьцьвярджае, што яго затрымліваў чалавек не ў міліцэйскай форме, а ў чорным абмундзіраваньні і ў масцы. Сьведка-міліцыянт блытаўся ў паказаньнях.
Прысуд Аляксандру Баразенку — 15 сутак адміністрацыйнага арышту.