Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Чахольскі заклікае спыніць размовы пра мэмарыялізацыю Курапатаў


Дзяды ў Курапатах. 2007 год.
Дзяды ў Курапатах. 2007 год.

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты, адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі зьвярнуўся праз Свабоду са зваротам у сувязі з абвешчаным Міністэрствам культуры конкурсам на мэмарыял у Курапатах. Паводле яго, «задума ўладаў, як прынізіць і ў канчатковым варыянце зьнішчыць Народны мэмарыял, зразумелая».

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты падкрэсьлівае, што «найперш ніхто ня ведае, хто ўваходзіць у журы, якія мэты і куды яны так сьпяшаюцца, бо арганізацыя конкурсу, разгляд праектаў вымагае працу ў працяглым часе, не адзін месяц, а можа і год».

«Другое пытаньне з дабрачыннымі рахункамі. Мы ведаем, як зьбіраюцца сродкі гэтай уладай, людзей прымусяць пералічваць на рахункі грошы, якіх у насельніцтва ў гэты цяжкі час і так не хапае. А значыць, гэта выклікае абурэньне, незадавальненьне грамадзтва супраць Народнага мэмарыялу Курапаты. Нам людзі з усёй Беларусі перадавалі грошы на пабудову мэмарыялу шчыра, без усялякага прымусу, ад усяго сэрца, якое баліць ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Трэцяе — запусьцяць туды расейскіх энкавэдэшных папоў, якія да Бога і да хрысьціянскай веры ня маюць дачыненьня, бо служаць дʼяблу», — перакананы Алесь Чахольскі.

Як кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты ён заклікае сябраў розных ініцыятываў, экспэртаў спыніць усялякія размовы пра мэмарыялізацыю Курапатаў.

Сродкі на выраб і ўсталяваньне мастацкай агароджы праводзіць толькі праз грамадзкую дырэкцыю Народнага мэмарыялу Курапаты

«Бо ўжо і так столькі нагаварылі і нашкодзілі сваімі прапановамі і далі падставы ўладам улезьці ў гэтае сьвятое месца. Агульная пазыцыя на гэтым этапе павінна быць такая — улада павінна прызнаць, што Народны мэмарыял створаны. Мы патрабуем ад міністэрства культуры вярнуць 300-мэтровыя ахоўныя межы, бо толькі пасьля гэтага можна рухацца далей. Пасьля аднаўленьня ахоўных зонаў абвясьціць конкурс на стварэньне мастацкай агароджы вакол мэмарыялу, перад гэтым стварыўшы сапраўднае журы з прафэсіяналаў, мастакоў, скульптараў, гісторыкаў і гэтак далей. Сродкі на выраб і ўсталяваньне мастацкай агароджы праводзіць толькі праз грамадзкую дырэкцыю Народнага мэмарыялу Курапаты. Вы ўсе павінны ведаць, што калі грошы ахвяравалі на крыжы, то крыжы і былі вырабленыя, калі ахвяравалі на добраўпарадкаваньне, то яны і ішлі на гэтую справу. Калі вы пералічыце сродкі на рахункі антыбеларускай улады, вынік будзе такі — раскрадуць», — лічыць Чахольскі.

Днямі быў абвешчаны конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мэмарыялу) «Курапаты». Заяўкі прымаюцца да 26 красавіка.
Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры, піша газэта «Звязда».
Матэрыялы будуць разгледжаныя журы на закрытым пасяджэньні не пазьней за 1 траўня.
24 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. «Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (ня Брэсцкую крэпасьць) мэмарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мэмарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы», — сказаў ён.

Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты ў 1988 годзе ўжо двойчы абвяшчаўся конкурс на стварэньне мэмарыялу — пры канцы 1980-х і напачатку 2000-х. Вылучаліся розныя ідэі, праекты, ініцыятывы, у тым ліку і досыць кантравэрсійныя кшталту падковы, якую прапаноўваў Беларускі фонд міру. Але далей за абмеркаваньні справа ня рухалася. На курапацкім пагорку на закладным камяні прымацаваная шыльда, на якой напісала, напісана, што тут у адпаведнасьці з рашэньнем Савету міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе ўсталяваны помнік ахвярам рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. Помніку ад дзяржавы так і не зьявілася за амаль 30 гадоў. А за гэты час у Курапатах паўстаў Народны мэмарыял, былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў на ахвяраваньні людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG