Ад 14 да 16 гадзіны 25 сакавіка ў Менску трывала несанкцыянаваная акцыя ў гонар 99-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На заяўку на шэсьце ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы гарадзкія ўлады не далі адказу ў вызначаны законам час, за дзень да акцыі адказалі адмовай і прапанавалі мітынг на плошчы Бангалор. За час акцыі затрыманыя сотні чалавек, дзясяткі журналістаў.
Гэтая спасылка працуе нават там, дзе наш сайт заблякаваны
Паказаць яшчэПаказаць менш
Previous slide
Next slide
Акцыі таксама прайшлі ў іншых гарадах Беларусі: дазволеныя ў Горадні і Берасьці, несанкцыянаваныя — у Віцебску і Гомлі. У Гомлі проста ў час акцыі гарадзкія ўлады вызначылі месца, дзе дазволілі правесьці мітынг. Затрыманьні пратэстоўцаў і журналістаў у абласных цэнтрах былі адзінкавыя.
Дзень Волі ў Віцебску
Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, які выступаў з заклікамі выходзіць на шэсьце ў Менску і ісьці па праспэкце ў бок плошчы Незалежнасьці, на акцыі не зьявіўся. Дзе ён, невядома. Раніцай жонка палітыка Марына Адамовічказала Свабодзе, што ня ведае, дзе яе муж, але што ад удзелу ў акцыі ён не адмаўляўся. Саму Марыну Адамовіч затрымалі па дарозе да Акадэміі Навук і пратрымалі ў пастарунку да вечара. Яна дагэтуль нічога ня ведае пра месцазнаходжаньня мужа і мае намер падаць заяву пра яго зьнікненьне.
Затрыманьні і суды над «недармаедамі» ў Беларусі ішлі ад пачатку сакавіка, не спыніліся і ўначы і зранку 25 сакавіка. У тым ліку па дарозе на акцыю былі затрыманыя лідэры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і руху «За свабоду» Дзяніс Садоўскі і Юрась Меляшкевіч. Перад акцыяй за кратамі апынуліся ня менш як 150 чалавек.
Яшчэ ў 13.00 у офіс праваабарончай арганізацыі «Вясна» ўварваўся АМАП, затрымалі каля 60 праваабаронцаў, журналістаў і назіральнікаў. Частку зь іх празь дзьве гадзіны адпусьцілі.
Некалькі соцень чалавек спрабавалі прайсьці да Акадэміі навук у 13.40–14.00, але пляцоўку перад прэзыдыюмам Акадэміі перакрыла міліцыя — прапусьцілі некалькі дзясяткаў, і тых па адным затрымлівалі. Таксама затрыманьні ішлі ў іншых раёнах гораду. У тым ліку быў затрыманы па дарозе ў цэнтар гораду прадстаўнік БХД у аргкамітэце сьвяткаваньня Дня Волі Дзяніс Садоўскі.
Каля 14.15 калёна зь некалькіх соцень чалавек рушыла з раёну Акадэміі навук у бок цэнтру гораду. У 14.20 АМАП перакрыў калёне дарогу па ходніку. Калёна перабегла на іншы бок вуліцы, а АМАП тады перакрыў увесь праспэкт. Байцы былі ўзброеныя ня толькі дубінкамі і шчытамі, але і стрэльбамі. Каля 14.30 выставілі два кардоны — перад ЦУМам і каля вуліцы Дарашэвіча. Пайшлі масавыя затрыманьні, пачала перарывацца сувязь, пад’ехалі вадамёты.
Прыблізна ў 14.50 тыя, каго не затрымалі, сабраліся ў калёну і рушылі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Каля 15.10 АМАП перакрыў дарогу каля плошчы Перамогі. Затрыманьні працягнуліся, некаторыя праходзілі даволі жорстка. Дэманстрантаў засталося 100–200 чалавек.
Акцыя фактычна завяршылася ў 15.30, але затрыманьні працягваліся. Каля 15.40 спыніліся перабоі з сувязьзю ў цэнтры гораду. Прыблізна да 16.00 людзей з плошчы Перамогі не пускалі ў бок Кастрычніцкай.
Прэс-сакратар менскай міліцыі ня змог назваць Свабодзе поўную колькасьць затрыманых. Паводле праваабаронцаў, у Менску было затрымана больш як 300 чалавек, аднак большую частку пазьней адпусьцілі.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, адных толькі карэспандэнтаў было затрымана каля 20. Паводле БАЖ, па стане на 20:30 былі вызваленыя ўсе журналісты, акрамя двух у Менску, аднаго ў Віцебску і адной карэспандэнткі ў Гомлі.