Цудоўны сонечны дзень. Iду мiма сямiгадовага суседзкага хлопчыка. Ён нешта малюе у сшытку каляровымi алоўкамi, седзячы на прыступках.
— Што малюеш?
— Сонейка.
Цiкаўлюся. З намаляваных вачэй сонца капаюць cьлёзы.
— А чаму сонейка шэрае i плача? Яно ж вунь якое яркае сёньня.
— Не, яно сумнае. Яму дрэнна...
— Цябе хтосьцi пакрыўдзiў?
— Так. Тата ровар не дае.
Падумалася: «Бач ты! Сапраўдны мастак расьце. Ужо iмкнецца перадаць у творы свой асабiсты настрой».
— Не сумуй! Усё будзе добра! Сонейка неўзабаве зноў табе ўсьмiхнецца.
— Можа быць...
Малюю яму котку з добрымi вачамi. Мы абое сьмяемся.
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org