Кіраўнік афіцыйна зарэгістраванага вайскова-спартовага клюбу «Патрыёт», чальцы якога былі затрыманыя пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў», 24 сакавіка выйшаў на волю. Мікола Міхалькоў кажа Свабодзе, што яго сына Яна пакуль не адпусьцілі. Ён абураецца затрыманьнямі чальцоў яго клюбу:
«Усе хлопцы, якія былі ў мяне ў клюбе, ня маюць ні да экстрэмізму, ні да тэрарызму, ні да падрыхтоўкі баевікоў, — кажа Свабодзе Міхалькоў. —Абсалютна нармальныя, адэкватныя хлопцы, афіцэры! Яны сапраўдныя патрыёты сваёй краіны — відавочна не зьбіраліся распальваць у сябе дома пажар».
Ён кажа, што супраць яго ніякіх абвінавачаньняў «пакуль не прад’яўлялі». Колькі чалавек з клюбу «Патрыёт» затрымалі, ён пакуль ня ведае: кажа, парадку 8-10 чалавек, але дадае: ня ўпэўнены, бо «літаральна паўтары гадзіны як сам хаджу, не разумею, на якім сьвеце».
«Тры зь іх толькі нядаўна ажаніліся, сын толькі ажаніўся, яшчэ месяцу няма. Уявіце сабе, што маладыя афіцэры сваю кар’еру пачнуць з такога, будучы патрыётамі сваёй краіны, — дадае Міхалькоў. — Я вельмі-вельмі зьдзіўлены ўсёй гэтай сытуацыяй, бо гэта на роўным месцы фактычна. Тое, што адбываецца — гэта нейкі жах».