Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер я зладзейка» — жанчына абаранілася ад «дармаедзтва», але нажыла праблемы брату


Ала Пятрова
Ала Пятрова

56-гадовая жыхарка Чэрыкава Ала Пятрова дамаглася, каб яе імя выкрасьлілі са сьпісаў «дармаедаў». У 2015 годзе ёй паставілі анкалягічны дыягназ і зрабілі апэрацыю. Але ўсё адно давялося 4 месяцы зьбіраць мэдычныя даведкі і даводзіць чыноўнікам, што яна не «сацыяльны ўтрыманец».

Цяпер яна занепакоеная сытуацыяй з братам. Ад яго патрабуюць сплаціць грошы, патрачаныя Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва на сястру з прычыны яе часовай непрацаздольнасьці. На гэтае пытаньне зьвярнуў увагу Камітэт дзяржаўнага кантролю. Сума, якую спрабуюць спагнаць з брата, у два разы перавышае тую, якую павінна была сплаціць ягоная сястра згодна з Дэкрэтам № 3.

Пасьля 35 год працоўнага стажу — «дармаедка»

Гісторыя з «дармаедзтвам» Пятровай пачалася кастрычніцкім ранкам 2016 году. У паштовай скрынцы, крыху ачуняўшы ад перанесенай анкалёгіі, жанчына знайшла «ліст шчасьця». Таваразнаўцу з 35-гадовым стажам за год да пэнсіі запісалі ў «дармаеды» і абавязалі сплаціць падатак на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў. Тады жанчына яшчэ ня ведала, што дамагацца выкрэсьліваньня свайго імя са сьпісаў «сацыяльных утрыманцаў» ёй давядзецца чатыры месяцы.

«Вось тут маё шчасьце, — з сарказмам казала жанчына, раскладаючы на стале сваю перапіску зь дзяржаўнымі арганізацыямі, якія вырашалі, ці „дармаедка“ яна. — Гэта дакумэнты пра мой 2015 год: дзе я тады працавала, колькі лячылася і ляжала ў шпіталі».

Чэрыкаўскі раён — адзін з найбольш пацярпелых на Магілёўшчыне ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Многія тутэйшыя вёскі адселеныя і ўжо пахаваныя. Сам райцэнтар — за пару дзясяткаў кілямэтраў ад зьніклага паселішча Вепрын. Менавіта стан экалёгіі, лічыць Ала Пятрова, і стаў прычынай захворваньня.

Чэрыкаўскі райвыканкам вырашыў, што Пятрова «дармаедка»
Чэрыкаўскі райвыканкам вырашыў, што Пятрова «дармаедка»

Па словах Алы Пятровай, у раённай падатковай інспэкцыі слухаць яе тлумачэньні ня сталі. Давялося зьвяртацца ў мэдычныя ўстановы, каб выдалі даведкі пра стан здароўя і лячэньне.

«Выціскала іх сваімі хворымі каленямі, — перабіраючы даведкі, кажа суразмоўніца. — Мэдыкі зь неахвотай давалі выпіскі, бо непакоіліся, што я пазьней магу на іх падаць у суд. Я іх супакойвала, спасылаючыся на тое, што ёсьць гісторыя хваробы, дзе ўсё пазначана. Сабрала выпіскі і занесла іх у „адно акно“ Там запатрабавалі прынесьці даведкі пра заробкі мужа і маю пэнсію, бо ў 2016 я ўжо была на пэнсіі...»

«З прычыны адсутнасьці дастатковых падставаў адмовіць у льготах па сплаце збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год, прадугледжанага дэкрэтам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“», — адпісалі Але Пятровай з Чэрыкаўскага райвыканкаму.

«Атрымаўшы такі адказ, я зразумела, што для ўлады просты чалавек ніхто», — стомлена выдыхнуўшы, кажа суразмоўніца.

У адным зь лістоў Але Пятровай напісалі, што яна павінна заплаціць не 360 рублёў збору за «дармаедзтва», а 298. Чыноўнікі адмінусавалі 59 дзён у 2015 годзе, калі яна была на бальнічным.

Старшыня аблвыканкаму Даманеўскі Пятровай: «Зьвяртайцеся ў райвыканкам»

Не знайшоўшы праўды ў Чэрыкаве, жанчына зьвярнулася да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага, калі ў яго была «прамая лінія» з насельніцтвам. Той загадаў на райвыканкамаўскай камісіі індывідуальна разабрацца са скаржніцай. На камісію, цьвердзіць жанчына, яе не запрашалі. Яна наагул сумняваецца, што яе пытаньне разглядалася. Рашэньне было для Пятровай адмоўнае.

«У мяне няма даверлівага стаўленьня да мясцовых органаў улады, таму прашу вас перагледзець рашэньне Чэрыкаўскага райвыканкаму, зыходзячы з сацыяльнай справядлівасьці», — пісала Даманеўскаму Ала Пятрова.

Той адказаў ёй празь месяц:

«Паколькі збор сплочваецца ў раённы бюджэт, таму пытаньне ільготаў знаходзіцца ў кампэтэнцыі райвыканкаму...»

Будынак Чэрыкаўскага райвыканкаму
Будынак Чэрыкаўскага райвыканкаму

«Гэта парадокс, калі чалавека перадпэнсійнага веку прымушаюць працаваць. Няўжо, адпрацаваўшы тры дзясяткі гадоў, я не магла назьбіраць сродкаў, каб у 2015 годзе жыць на іх? Чаму я не фінансую нашу дзяржаву? Я ж іду ў краму і купляю там харчы. У каго такі кучаравы розум, які выдумаў такі дэкрэт? — кажа суразмоўніца. — Выходзіць, калі за плячыма дзясяткі гадоў працы, але ты апынуўся ў цяжкой жыцьцёвай сытуацыі, дзяржава зь лёгкасьцю можа навесіць ярлык, што ты „ўтрыманец“. Такая, відаць, дзяржава ў нас».

У Чэрыкаве вялікіх прадпрыемстваў няма. У бальшыні сваёй гэта камунальныя арганізацыі. Функцыянуе зь дзясятак прыватных прадпрыемстваў, якія спэцыялізуюцца на дрэваперапрацоўцы. Акрамя таго, працоўныя месцы ствараюць гандлёвыя фірмы, якія перажываюць ня лепшыя часы, бо спажывецкая актыўнасьць упала. Нямала жыхароў раёну шукаюць заробку ў недалёкай Расеі. Райцэнтар стаіць на найбуйнейшай транзытнай магістралі рэгіёну. Шаша вядзе ў Расейскую Фэдэрацыю.

З аповеду суразмоўніцы вынікала, што сытуацыя са сплатай збору «за дармаедзтва» зрушылася зь месца, калі ў дэкрэт былі ўнесеныя папраўкі, якія дазваляюць мясцовай уладзе літасьціва ставіцца да тых «сацыяльных утрыманцаў», якія сутыкнуліся са складанымі жыцьцёвымі абставінамі. Ала Міхайлаўна кажа: як былі агучаныя папраўкі, то зноў пачала аббіваць парогі чыноўніцкіх кабінэтаў і дэпутацкіх прыёмных. Урэшце сэсія райсавету вызваліла яе ад сплаты падатку на падставе «цяжкой жыцьцёвай сытуацыі».

«Ня буду гадаць, што змусіла дэпутатаў прызнаць такі факт: ці то мае скаргі ў розныя інстанцыі, ці то іхная міласэрнасьць, — пісала ў сваім звароце да райсавету Пятрова. — Раней на камісіі райвыканкаму мне ў гэтым было адмоўлена. Мне настолькі абрыдлі разборкі з уладамі, што я ня маю ніякага натхненьня ад таго, чаго дамаглася праз сваё няшчасьце-шчасьце».

Білборд на адной з цэнтральных вуліц Чэрыкава, якая вядзе ў забруджаныя радыяцыяй раёны
Білборд на адной з цэнтральных вуліц Чэрыкава, якая вядзе ў забруджаныя радыяцыяй раёны

Вінавацяць у фіктыўным працаўладкаваньні

Але на гэтым праблемы Алы Пятровай ня скончыліся. Цяпер яе вінавацяць у фіктыўным працаўладкаваньні. Брат Пятровай Віктар Раманаў — прадпрымальнік. Ён аформіў у сваёй арганізацыі сястру прадаўцом незадоўга да таго, як ёй прызначылі хірургічную апэрацыю.

«Яна ўладкавалася на працу прадаўцом да свайго брата Раманава, — зьвяртае ўвагу першы намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласьці Юры Фралоў, — імаверна дзеля атрыманьня аплаты лістка са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва».

Дзяржкантроль: разабрацца
Дзяржкантроль: разабрацца

Супрацоўнік Дзяржкантролю прапанаваў «вывучыць першасныя дакумэнты ў пэрыяд працы Пятровай у 2015 годзе прадаўцом на прадмет фіктыўнага працаўладкаваньня». На ягоную думку, Пятрова ведала пра хірургічную апэрацыю. Фралоў адзначыў, што з пачатку 2015 году яна нідзе не працавала.

Ліст зь меркаваньнем супрацоўніка дзяржкантролю Віктару Раманаву, па ягоных словах, далі ў раённым аддзеле Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, калі ён пачаў разьбірацца ў прычынах прэтэнзіяў да яго.

Такі паварот у сваёй гісторыі з «дармаедзтвам» Ала Пятрова разглядае як помсту ўладаў за яе ўпартасьць у абароне сваіх правоў. Кажа, што была на прыёме ў Фралова і расказвала яму пра абставіны свайго жыцьця, якія дазваляюць ёй разьлічваць на адмену сплаты падатку па Дэкрэце № 3.

«Фралоў толькі ў самым канцы свайго ліста згадвае пра неабходнасьць разгледзець маё пытаньне, — зьвярнула ўвагу яна. — Выходзіць, я ня толькі „сацыяльны ўтрыманец“, але яшчэ і зладзейка, якая абабрала дзяржаўную казну, каб незаконна атрымаць дапамогу. Калі б я не назаляла чыноўнікам, то не было б праблемаў у брата».

Суразмоўніца настойвае: пра сур’ёзныя праблемы са здароўем, а пагатоў пра апэрацыю ня ведала. Калі ж даведалася пра захворваньне, то нікому пра яго не казала. Калі надышоў час абсьледаваньня, узяла адпачынак за свой кошт.

Абласное ўпраўленьне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва тым часам лічыць, што Пятрова ня мела права на дапамогу па часовай непрацаздольнасьці за кошт сродкаў дзяржаўнага страхаваньня. Ад бізнэсоўца патрабуюць вярнуць выплаты на Пятрову ў суме 730 рублёў да першага красавіка 2017 году.

Ала Пятрова: прэтэнзіі да брата — помста за маё змаганьне
Ала Пятрова: прэтэнзіі да брата — помста за маё змаганьне

Віктар Раманаў ня хоча казаць, як ён спрабуе вырашыць спрэчку. Сваёй віны, ва ўсякім разе, не прызнае.

«Няўжо жанчына з 35-гадовым працоўным стажам не зарабіла сабе на страхаваньне? — пытаецца ён. — Цяпер яе лічаць зладзейкай, якая падманула мяне і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Зразумела, што я ня буду маўчаць, а буду бараніцца».

У раённым аддзеле фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не выключаюць, што ў выпадку невыкананьня прадпрымальнікам патрабаваньня абласное ўпраўленьне можа зьвярнуцца з пазовам у суд. У аддзеле таксама паведамілі, што Раманаў напісаў ліст у Міністэрства сацыяльнай абароны, каб яму аргумэнтавалі падставы прэтэнзіяў да яго.

Змаганьне Пятровай стала практычным дапаможнікам для Міністэрства аховы здароўя

Паводле жанчыны, яе прыклад адстойваньня права не плаціць падатак стаў для службоўцаў практычным дапаможнікам у тлумачэньні «складаных жыцьцёвых сытуацыяў».

Чэрыкаўскі гарадзкі пэйзаж
Чэрыкаўскі гарадзкі пэйзаж

«У Міністэрстве аховы здароўя мне сказалі, што я апярэдзіла іхныя намеры разаслаць мэдычным установам рэкамэндацыі, каб тыя выдавалі даведкі пра стан здароўя пацыентаў дзеля льготаў на сплату падатку на дармаедзтва, — кажа Ала Пятрова.

Хто мусіць плаціць збор, чыноўнікі вызначалі, на яе думку, гэткім парадкам:

«Калі ў чыноўнікаў ёсьць зьвесткі, што ў чалавека ёсьць грошы, то ён ня можа быць у цяжкой жыцьцёвай сытуацыі. Каб я стала пад царквой з працягнутай рукой, то ад мяне б адчапіліся. Я і думала на такое пайсьці. Нават падрыхтавала была дзьве таблічкі. На адной надпіс: „35 год адпрацавала“, а на другой, што я „дармаед“. Задуманага, аднак, зьдзейсьніць мне не ўдалося, бо мне дазволілі не плаціць збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў», — кажа Ала Пятрова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG