На пачатку мінулага стагодзьдзя з Магілёўскай губэрні групы людзей пераяжджалі ў цэнтральную Расею — пад Яраслаўль. Пэўны час у іх захоўваліся адрозьненьні ў мове, стравах і абрадах.
Гісторыяй перасяленцаў з Магілёўшчыны зацікавілася яраслаўская краязнаўца Ангеліна Юр’ева, якая сама паходзіць з «магілёў». Нядаўна ў газэце «Северянка» Данілаўскага раёну Яраслаўскай вобласьці выйшаў ейны артыкул «Мы — магілі».
Ангеліна Юр’ева распавядае Свабодзе пра гісторыю і побыт магілёў, дзеліцца здымкамі з уласнага архіву і плянамі, як аднавіць памяць нашчадкаў беларускіх перасяленцаў.
Бракавала зямлі, уцякалі ад вайны
У адрозьненьне ад тудаўлянаў, пра якіх нядаўна пісала Свабода, паходжаньне магілёў вядомае дакладна. Магілі — гэта перасяленцы з Магілёўскай губэрні, якія пераехалі на пачатку XX стагодзьдзя ў Данілаўскі раён Яраслаўскай губэрні Расейскай імпэрыі. Магілямі яны называлі сябе і адзін аднаго, гэтак жа называлі іх іншыя мясцовыя жыхары.
Па словах нашчадкаў перасяленцаў, першая хваля перасяленьня магілёў прайшла ў 1904–1905 годзе (у 1904-м пераехала прынамсі 30 сем’яў), перасяленцы ехалі аж да 1915-га.
«Гэтыя даты прывязваюцца да дзьвюх падзеяў: аграрнай рэформы Сталыпіна і Першай усясьветнай вайны, — кажа Юр’ева. — Нягледзячы на тое, што аграрная рэформа пачалася ў поўнай меры ў 1906 годзе, яшчэ ў 1904-м быў канчаткова аформлены курс перасяленскай палітыкі, пашыраліся льготы і дапамогі перасяленцам. У прыватнасьці, шматлікія нашчадкі перасяленцаў кажуць, што іх продкі прыехалі чыгункай, бо Данілаў быў вузлавой станцыяй, і паніжаны „перасяленскі“ тарыф ім дапамагаў.
Перапісы гэтых гадоў сьведчаць пра тое, што ня толькі сталыпінскія рэформы паўплывалі на перасяленьне. Шматлікія, у тым ліку мае продкі Юр’евы і Ляўковы, перасяліліся ў 1915 годзе, калі пачалася Першая ўсясьветная.
Большая частка нашчадкаў перасяленцаў кажуць, што матывам перасяленьня было малазем’е, бязьзем’е. Хоць вядома, што Магілёўская губэрня была адной з самых „пасьпяховых“ што да прыватнага землеўладаньня, вельмі шмат сялянаў аддзяляліся ад абшчынаў. Шматлікіх сялян нават зь Яраслаўскай губэрні адсылалі ў Магілёўскую, каб паглядзець, як вядзецца тут гаспадарка, як тут жывуць не абшчынай, а прыватнай працай. Магчыма, такое прыватнае землеўладаньне якраз справакавала тую сытуацыю, калі зямлі для ўсіх сем’яў не хапала».
Прыехалі «ў нікуды», але зажылі заможна
Паводле словаў Юр’евай, перасяленцы прыехалі зь сем’ямі, дзецьмі, жывёлай і рэчамі. Але прыехалі не на «гатовую ральлю» — на зямлі, што ім дасталася, быў лес.
«Яны ўжо былі гатовыя будаваць дамы, але карчавалі лес днямі і начамі, бо трэба было да зімы пасьпець збудаваць дом, каб ня зьмерзнуць. Спачатку яны ўзрадаваліся, колькі зямлі, а потым пабачылі, што зь сябе ўяўляе гэтая зямля і колькі над ёй трэба працаваць. Але ўсё роўна былі задаволеныя, што маюць зямлю.
Магілі адрозьніваліся сваёй упартасьцю ў захаваньні традыцыйнага ладу жыцьця. Напрыклад, мая пра-пра-прабабуля, яе звалі баба Юрчыха, увесь час казала: „Грамаць ня дасьць гамаць“. Гэта значыла, што грамата не пракорміць, а толькі праца на зямлі можа пракарміць.
У магілёў былі моцныя гаспадаркі, па 3–4 каровы, сьвіньні, авечкі, вырошчвалі гародніну... У Яраслаўскай вобласьці быў вялікі адсотак „адходніцтва“: калі прыйшла савецкая ўлада, многія людзі за зямлю не трымаліся, ішлі ў рабочыя. А магілі да канца трымаліся за зямлю, раскулачваньне для іх было балючым. Адзін з магілёў, як распавядалі, калі яго раскулачвалі, дык яго ў турме паралізавала — настолькі для яго непрымальна было разьвітацца са сваёй гаспадаркай.
А ў час Другой усясьветнай рускае насельніцтва ведала, што калі няма чаго есьці, то можна прыйсьці да гаспадара-магіля — і ён накорміць. Быў выпадак, што нават з Рыбінску (каля 80 км ад Данілава. — РС) прыходзіла жанчына зь дзіцем да аднаго з магілёў, прасіла мяса, абяцала прынесьці ўзамен рыбу. Нашчадкі таго магіля казалі — дагэтуль рыбу нясе.
З аднаго боку, канфрантацыі нібы назіраліся. Намагаліся спачатку жаніцца толькі са сваімі. Але, зь іншага боку, былі спробы зблізіцца зь мясцовым насельніцтвам. Мяняліся прозьвішчы: былі Дзеравягі — сталі „Деревягины“. Было прозьвішча Яраслаўцавы — верагодна, зьмянілі на такое пасьля пераезду».
Свае імёны, словы і каўбасы
Мова перасяленцаў заўважна адрозьнівалася ад мовы мясцовых людзей, асабліва ў першым пакаленьні перасяленцаў, кажа Юр’ева. У расейскай мове магілёў было характэрнае аканьне, дзеканьне, фрыкатыўны гук [г], словы кшталту «бульба», «буракі», «морква», «макітра», «зараз», «усё», «сёрбаць», «воке́нцэ», «гурькі», «гэтце» (гэта), «сувча́к» (кулак), «у́павад» (вельмі шмат), «чэпела» (качарга або чапельнік). Казалі «жабу дере́ть» у значэньні «крычыць», «пойти само́сом» — «пасьлізнуцца».
«А за „макітру“ ў сям’і магілёў быў нават канфлікт, як казалі нашчадкі. Сьвякроў кажа — „прынясі макітру“, а нявестка была руская, не зразумела. Сьвякроў на яе налаялася: чаго ж ня ведаеш такіх элемэнтарных рэчаў? Дайшло да таго, што сям’і давялося пераехаць у горад жыць, бо пастаянна былі сутыкненьні праз мову. Імёны магілёў былі такія самыя, як у расейскага насельніцтва, але вымаўлялі іх па-свойму. Напрыклад, Галина — Гап’я, Дмитрий — Зьмітро.
Магілі прывезьлі з сабой любоў да прадуктаў пчалярства, яны гатавалі галушкі, поліўку, кулеш... Практычна на кожным гарышчы ў магілёў віселі свойскія каўбасы. Каўбух фактычна ўсе магілі гатавалі».
Каўбух рабілі са сьвініны. Парсюка рэзалі звычайна ў лістападзе, а страва высьпявала паўгода: салілі рубленае мяса і сала, дадавалі ляўровы ліст і кмен, перамешвалі і настойвалі, потым набівалі ў пусты сьвіны страўнік, часам сшывалі ці завязвалі дратвай і пакідалі да траўня.
Захоўваліся і пэўныя традыцыі, як то асаблівыя рухі ў танцах — адна з фігур кадрылі звалася «Беларуска». Юр’евай казалі, што на адно з царкоўных сьвятаў заўсёды ў сям’ю магілёў з адной вёскі прыходзіў магіль зь іншай — і гэта было сапраўднае сьвята, пабачыць земляка на чужыне.
«Гэта гісторыя пра страту ідэнтычнасьці»
«Наагул, гісторыя пра магілёў сумная, бо гэта гісторыя пра страту ідэнтычнасьці. Сучасныя нашчадкі магілёў ужо ня памятаюць мовы, жывуць ня ў вёсках, а ў асноўным у горадзе. Захоўваюцца нейкія асаблівасьці кухні... А яшчэ захоўваецца з савецкіх часоў страх казаць падрабязна, адкуль хто калі пераехаў. Між першым і другім пакаленьнем гэта не асабліва расказвалі нашчадкам, яно захоўвалася хіба па інэрцыі.
У перапісах, пачынаючы з 1960-х гадоў, магілі запісваліся як „рускія“. Ня толькі таму, што яны неяк саромеліся сваёй ідэнтычнасьці ці хацелі хутчэй знайсьці кантакт зь мясцовым насельніцтвам — папросту баяліся. Таму з гадамі нашчадкі магілёў перасталі валодаць мовай, але захоўваюць сямейныя рэліквіі або асаблівасьці кухні.
Калі сёньня пытаць нашчадкаў магілёў, кім яны сябе лічаць, яны скажуць „рускія“. Але чым больш яны сустракаюцца між сабой, даведваюцца пра працэс перасяленьня, пытаюць адзін аднаго, знаходзяць новыя зьвесткі, тым больш яны ўключаюцца ў вывучэньне сваіх продкаў, пачынаюць асэнсоўваць, што яны не зусім падобныя да мясцовага насельніцтва. Шмат чаго ім не казалі, замоўчвалі».
Цяперашняе дасьледаваньне пра магілёў — літаральна апошняга году. Пачалося яно з радаводаў. Плянуецца выпусьціць некалькі артыкулаў, як навуковых, так і навукова-папулярных, ладзіць сустрэчы. Ёсьць падтрымка Асамблеі народаў Расеі. Мяркуецца знаёміць нашчадкаў магілёў зь беларусамі і расейскімі нашчадкамі беларусаў.
«Пасьля таго як выйшаў вялікі артыкул у мясцовай газэце, адразу зьявіліся водгукі і рэакцыі. Людзі пішуць, прысылаюць здымкі. Хутка выйдзе артыкул — жанчына з адной вёскі прачытала той артыкул і згадала, што былі такія сем’і Шкялёвы і Пліскевічы, прыгадала, што яны распавядалі, пачала шукаць фатаздымкі. Так ужо некалькі чалавек адгукнуліся — мо зьбяромся разам з Асамблеяй, журналістамі і нашчадкамі, зладзім дыскусію...»