Пайшлі ў грыбы я з дачкою і сябра з дачкою. Дзяўчат восы джгнулі. Грыбоў нямашака. Сябра зь дзецьмі выбіліся на шашу, чакаюць мяне. А я знайшла прыгажуню-бабку і спрабую падабраць ёй пару. Урэшце здаюся — выходжу.
Усе варожаць на рамонках, сябра працягвае і мне: «Паваражы!» Але дачка высмыквае кветку і выкідае: «Ня трэба табе варажыць!» «Чаму ж не, дачушка?» «Цябе тата і гэтак любіць, бо раптам атрымаецца „ня любіць“, давядзецца разводзіцца».
Амаль побач з хатаю наразаю вядро малюпаткіх масьлякоў. Паўночы абіраю, рукі чорныя, грыбы сонечныя, як сэрца рамонкаў.
Першая патэльня — любіць. Другая — ня любіць.
А трэцяя — вясну ў лядоўні прычакала…
Любіць…
Аксана Спрынчан
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org