Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найпрыгажэйшы гук пасьля цішыні»


Манфрэд Айхэр і Ян Эрык Кронгсгаўг, 1996
Манфрэд Айхэр і Ян Эрык Кронгсгаўг, 1996

Джазаваму басісту Манфрэду Айхэру (Manfred Eicher) было 26 гадоў, калі ў 1969 годзе ў Мюнхэне ён заснаваў невялікую фонаграфічную фірму пад назвай ECM (Editions of Contemporary Music).

У адным з інтэрвію Айхэр сказаў, што ён зразумеў, што не дасягне найвышэйшага ўзроўню як музыкант, а таму пакінуў ўласную музычную кар’еру ды вырашыў падтрымліваць і запісваць іншых як прадусар.

Я таксама недзе прачытаў, што ўстаноўчы капітал Айхэра не перавышаў 20 тысяч даляраў. Гэта была немалая сума для адной сям’і ў 1969 годзе, але абсалютны мізэр у музычным бізнэсе. Тым ня менш ECM, дзякуючы настойлівасьці, пасьлядоўнасьці і крэатыўнасьці яе заснавальніка ня тое што выжыла, але зь цягам часу стала прыносіць вялікія даходы. Пасьля амаль паўстагодзьдзя ад заснаваньня, пад лэйблам ECM было выдадзена больш за 1600 альбомаў з джазавай і іншай, «неімправізаванай», музыкай. Для абсалютнай бальшыні музычных крытыкаў на сьвеце брэнд ECM сёньня — эталён музычнай якасьці, арыгінальнасьці і, я б сказаў, бясстрашнасьці музычных пошукаў.

Практычна ўсе славутыя імёны сучаснага эўрапейскага джазу ды пераважная большасьць амэрыканскага мелі дачыненьне да ECM.

Мала хто сёньня помніць, што адзін з найлепшых запісаў фюжн, альбом «Return to Forever» (1972) амэрыканскага піяніста і клявішніка Чыка Карыі, зьявіўся якраз на ECM. Альбо што першыя альбомы Пата Мэтыні, сёньня славутага амэрыканскага джазавага гітарыста, былі таксама запісаныя пад вокам і вухам Манфрэда Айхэра, калі пра гэтага музыканта ніхто яшчэ ня чуў. У якасьці музычнай ілюстрацыю прапаную песеньку «Have You Heard?», якую Мэтыні выконвае разам з «Pat Metheny Group»:

Майфрэду Айхэру моцна пашанцавала з галоўным інжынэрам гуказапісу. Ужо на сёмым альбоме ECM («Afric Pepperbird» нарвэскага саксафаніста Яна Гарбарэка, 1970) у гэтай якасьці зьяўляецца прозьвішча нарвэскага гуказапісьніка Яна Эрыка Конгсгаўга (Jan Erik Kongshaug), зь якім Айхэр супрацоўнічае па сёньняшні дзень. Адзін з крытыкаў назваў манеру запісу, якую выпрацавалі Айхэр з Конгсгаўгам, «найпрыгажэйшым гукам пасьля цішыні». Вось запіс з альбому бубнача Ману Качэ «Neighbourhood» (ECM, 2005):

У 1971 годзе з ECM пачаў супрацоўнічаць сёньня легендарны, а тады яшчэ малавядомы, амэрыканскі піяніст Кіт Джарэт (Keith Jarrett). Ягоны неверагодна прыгожы падвойны альбом «The Köln Concert» (ECM, 1975) — запіс 66-хвіліннага сольнага імправізаванага канцэрту Джарэта ў Кёльне 25 студзеня 1975 году — стаў абсалютным рэкардсмэнам па продажы ў гісторыі джазавай музыкі і ў гісторыі сольных запісаў канцэртаў на піяніна. Як ацэньваецца, да сёньня прадалося больш за 3,5 мільёнаў асобнікаў альбому, ня лічачы пірацкіх падробак і «неліцэнзаваных запамповак». Паслухайма стандарт «Summertime» у выкананьні харызматычнага Кіта Джарэта:

Такія хіты продажу як «The Köln Concert» дазвалялі Манфрэду Айхэру не ганяцца за моднымі трэндамі ў музыцы, а выдаваць толькі тое, што ён сам хацеў паслухаць, без аглядкі, ці запіс прынясе яму прыбытак ці не. У 1978 годзе, напрыклад, Айхэр выдаў падвойны віныл «Music for 18 Musicians» сучаснага амэрыканскага кампазытара Стыва Райша (Steve Reich) — 56 хвілін «жорсткага мінімалізму», які аказаўся выдавецкім хітом, а самому кампазытару прынёс сусьветную вядомасьць.

У 1984 годзе, неўзабаве пасьля таго, як гук сталі запісваць на кампактныя дыскі, Айхэр пастанавіў пашырыць выдавецкі рэпэртуар і стаў выдаваць «неімправізаваную» музыку, у сэрыі, якую назваў «ECM New Series». У гэтай сэрыі, прыкладам, зьявіліся ўсе важнейшыя творы эстонскага кампазытара Арва Пярта (Arvo Pärt). Вось ягоная славутая «Tabula Rasa»:

Давайце аднак гэтую кароткую прэзэнтацыю фірмы Манфрэда Айхэра закончым ня «нотнай музыкай», а джазавымі запісамі двух выдатных музыкаў са Скандынавіі, якая зьявілася на джазавай мапе сьвету перш за ўсё дзякуючы лэйблу ECM.

Нарвэскі гітарыст Тэр’е Рыпдаль, які запісаў пад шыльдай ECM больш за 20 альбомаў як лідэр:

Нарвэскі саксафаніст Ян Гарбарэк, які запісаў для ECM каля трыццаці альбомаў як лідэр:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG