Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аб правах чалавека мы нагадвалі беларускім уладам цэлы год», — намесьнік міністра замежных спраў Польшчы


Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі
Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі

«За апошні каляндарны год, пачынаючы з сакавіка, а можа, нават і зь лютага, дачыненьні зь Беларусьсю і па лініі Эўразьвязу і двухбаковыя з Польшчай пачалі ажыўляцца. І тут вельмі важна падкрэсьліць, што ўвесь гэты час падчас нашых дыялёгаў мы абмяркоўваем пытаньні, якія нас апошнім часам турбуюць. Пытаньні правоў чалавека на ўсіх леташніх сустрэчах таксама закраналіся», — заявіў сёньня ў Менску намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі.

Спадар Зюлкоўскі стаў удзельнікам сустрэчы намесьнікаў міністраў замежных спраў дзьвюх інтэграцыйных структур: «Усходняга партнэрства» і «Вышаградзкай чацьвёркі». На гэтай сустрэчы міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь застаецца прыхільніцай інтэграцыі і лічыць актуальным узаемадзеяньне паміж «Усходнім партнэрствам» і «Вышаградзкай групай». Больш за тое, спадар Макей прапанаваў менскую пляцоўку для ўмацаваньня ўзаемасувязяў і збліжэньня інтэграцыйных працэсаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Гэтую ініцыятыву, як стала вядома Свабодзе, абмяркуюць ужо не намесьнікі, а міністры дзесяці краінаў, што ўваходзяць у дзьве інтэграцыйныя суполкі. Іхная сустрэча пройдзе 12 красавіка ў Варшаве.

Сёньня ж намесьнікі міністраў назвалі чатыры галіны, дзе, на іх думку, супраца можа стаць найбольш эфэктыўнай. Гэта ўзаемадзеяньне на мясцовым узроўні, у адукацыі, трансгранічнае супрацоўніцтва і мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры. Паводле Марэка Зюлкоўскага, гэта толькі мінімум.

Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы падкрэсьліў, што ён не пагаджаецца са скептычным стаўленьнем да пэрспэктыў «Усходняга партнэрства»:

«25 гадоў таму мы адкрылі амбасаду Польшчы ў Беларусі. У ёй я пачынаў сваю дыпляматычную кар’еру. Тады мы пачыналі з прынцыпу добрасуседзтва, але ж цяпер разьвіваюцца і іншыя ініцыятывы».

«Усходняе партнэрства» зьяўляецца палітычнай ініцыятывай Эўрапейскага зьвязу, накіраванай на збліжэньне з ЭЗ шасьці ўсходніх суседзяў — Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. За час дзеяньня праграмы, якой пайшоў ужо сёмы год, краінам — удзельніцам «Усходняга партнэрства» было выдзелена 3,2 мільярда эўра на рэалізацыю розных праграмаў разьвіцьця.

У «Вышаградзкую групу» ўваходзяць Вугоршчына, Польшча, Славакія і Чэхія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG