Дракахруст: Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту аб дармаедах, многія прадказвалі, што колькасьць удзельнікаў акцый пратэсту істотна зьменшыцца. Скасаваньне дэкрэту было галоўным патрабаваньнем пратэстоўцаў. Патрабаваньне хоць і ня выкананае, але дэкрэт у агляднай будучыні дзейнічаць ня будзе. Здавалася б, што тыя, хто пратэставаў менавіта супраць дэкрэту, будуць збольшага задаволеныя, маўляў, зьнікла нагода, прычына пратэстаў — зьнікнуць і пратэсты.
Але так не адбылося. Маладэчна, Пінск, Орша, Рагачоў, Бабруйск, Берасьце — ва ўсіх гэтых гарадах адбыліся даволі шматлюдныя акцыі пратэстаў, некаторыя з гэтых гарадоў падобных маніфэстацыяў ня бачылі наагул у сваёй гісторыі, іншыя — ня бачылі пратэстаў такога размаху з пачатку 90-х.
Так, акцыі менавіта ў гэтых гарадах былі заплянаваныя даўно, яшчэ да таго, як Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту № 3, але адна справа — заклікаць людзей выйсьці, апазыцыя іх заклікала гадамі, а іншая справа — прыйсьці на заклік. Дык чаму прыйшлі?
Шмат хто адзначаў, што незадаволенасьць дэкрэтам стала адно нагодай, фокусам шматлікіх праблемаў, якія выклікаюць незадавальненьне і нават абурэньне многіх беларусаў. Працяглае падзеньне жыцьцёвага ўзроўню, зьніжэньне рэальных заробкаў, рост беспрацоўя і камунальных тарыфаў, падвышэньне пэнсійнага ўзросту — усё гэтае суквецьце нягодаў стала прычынай выбухападобнага росту пратэстаў.
Паколькі ўсіх гэтых праблемаў прыпыненьне дзеяньня дэкрэту вырашыць не магло, то і пратэсты не спыніліся, роля іншых чыньнікаў пратэстаў аказалася ня меншай, чым аднаго, самага выразнага.
Можна дадаць яшчэ некалькі спэцыфічных фактараў, якія не далі пратэстам адразу спыніцца. Першае — гэта працягласьць падзеньня жыцьцёвага ўзроўню — больш за 2 гады. Беларусы не расьпешчаныя працьвітаньнем, але раней, фактычна з сярэдзіны 90-х, эканоміка і даходы ўсё ж расьлі. А тут гэты звыклы лад жыцьця зьмяніўся. Пацярпець некалькі месяцаў, паўгода, год людзі гатовыя, надзею ня страчвалі. А вось два гады няспыннага зьбядненьня — гэта вядзе да страты той надзеі. Страта надзеі выклікае нават большую роспач, чым страта грошай.
Другі чыньнік — тая самая куртатая лібэралізацыя, якая адбываецца з лета 2015 году. Людзі можа і ня надта фіксаваліся на адносна нешматлікіх мітынгах, якія ў Менску склікаў Статкевіч са сваімі паплечнікамі. Але, як высьвятляецца, заўважалі ўсё ж, адчувалі зьмену грамадзкай атмасфэры — ня б’юць, дык значыць можна. Ну а калі можна, то многія менавіта таму і выйшлі на вуліцу.
Разумею, што ўсе падобныя тлумачэньні — няпоўныя, недастатковыя. Праблемаў было нямала і раней, і вострыя сытуацыі ў эканоміцы здараліся. Напрыклад, цяперашні ўзровень рэальных заробкаў — такі самы, як недзе напачатку нулявых. Але цяпер гэта ўспрымаецца як катастрофа. Так сышлося, назапасіўся патэнцыял крыўдаў, стратаў, роспачы — і выбухнула.
Варта зьвярнуць увагу на замежны досьвед падобных крызісаў. Летась, калі Назарбаеў перагледзеў свае зьмены ў заканадаўства аб зямлі, пратэсты там спыніліся амаль адразу. У Армэніі у 2015 годзе пратэсты супраць падвышэньня тарыфаў на электрычнасьць пачаліся ў чэрвені,таксама ў чэрвені прэзыдэнт Саргсян скасаваў падвышэньне, аднак пратэсты трывалі да верасьня.
Там таксама тарыфы на электрычнасьць былі фокусам, у якім сышоўся шэраг сацыяльна-эканамічных праблемаў. Таму пратэсты і не спыніліся адразу ж пасьля скасаваньня нагоды.
Але далейшага посьпеху яны ня мелі, ні Майдану, ні істотнага паляпшэньня жыцьця тады ў Армэніі не адбылося.
Інэрцыя пратэстаў там была вялікая — два месяцы, але гэта была менавіта інэрцыя. Ня выключана, што і ў Беларусі мы маем справу з інэрцыяй пратэсту. Так, многія ў грамадзтве былі абураныя дэкрэтам, менш, але таксама шмат, маніфэставалі гэта на плошчах. Цяпер маніфэстуюць супраць зьбядненьня, беспрацоўя і шмат чаго іншага прыкладна столькі ж. Але ці многія ў грамадзтве абураныя гэтым гэтак жа моцна, як былі абураныя дэкрэтам?
І з дэкрэтам было зразумела, чаго дамагацца — скасаваньня. А са зьніжэньнем рэальных заробкаў? А зь беспрацоўем? Ну дык абяцае ж улада і працоўныя месцы стварыць і па 500 даляраў сярэдніх даць. Далоў уладу? Гэтыя лёзунгі гучалі падчас пратэстаў амаль з самага пачатку. Але гэта лаянка, праклён або мэта, якую ўсур’ёз ставяць перад сабой пратэстоўцы? І ці ставяць перад сабой гэта на мэце іншыя незадаволеныя, якія на плошчы не выходзяць?
Можа і так быць. Калі так здараецца, гэта называецца рэвалюцыя. У мяне асабіста няма адчуваньня, што стан грамадзтва цяпер менавіта такі. Хаця ўсім нам уласьціва памыляцца, як з тым самым прагнозам, што пратэсты аціхнуць пасьля прыпыненьня дэкрэту.
Глод: Калі б людзі ў Беларусі пратэставалі толькі супраць дэкрэту аб дармаедах, то, я ўпэўнены, іх актыўнасьць ужо пайшла б на спад. Але, як адзначаюць многія аналітыкі, у тым ліку і Юры Дракахруст, дэкрэт стаў толькі фокусам шматлікіх праблемаў.
Я ў суботу размаўляў са сваёй знаёмай, якая жыве ў Нароўлі. Яна ня трапіла пад дзеяньне дэкрэту, паколькі мае працу. Але ж яе месячны заробак толькі 240 рублёў. Жанчына скардзіцца: як жыць далей, ня ведае. А тут яшчэ зламаўся аўтамабіль, якому ўжо 17 гадоў. Адрамантаваць дапамог дзядуля са сваёй пэнсіі.
Знаёмая кажа, што цяпер жыць стала нашмат цяжэй. Камуналка падаражала, харчы таксама. А заробкі абваліліся. Але ж самае галоўнае — няма пэрспэктывы. Калі яшчэ год таму былі спадзяваньні, што гэта часовыя цяжкасьці, то цяпер ніхто ня верыць, што нешта выправіцца. Наадварот, людзі бачаць, што вытворчасьць амаль паўсюдна спыняецца. Нароўля — гарадок невялікі, і тут усе ўсё ведаюць. Людзі падаўленыя. І яны пачынаюць разумець: будзеш маўчаць — лепш ня будзе. А пратэсты можа што і зьменяць.
Зьвярніце ўвагу, гэтыя пратэсты ня супраць дрэннай сытуацыі з дэмакратыяй у Беларусі. За свабоду і правы чалавека на акцыі выходзіць абмежаванае кола людзей. Толькі тыя, хто разумее каштоўнасьці дэмакратыі для грамадзтва. Іншых гэта калі і хвалявала, дык не настолькі, каб далучацца да пратэстоўцаў. Жыцьцё іх пераканала — неяк можна існаваць і без дэмакратыі, калі добра плацяць за працу, калі ёсьць магчымасьць купіць аўто, зьезьдзіць на адпачынак у Баўгарыю ці Турэччыну. Мне падаецца, пэўная частка беларускага грамадзтва як бы заключыла для сябе дамову з уладамі — яна нам прыстойна плаціць, мы адмаўляемся ад палітычнай актыўнасьці.
Але ўсё зьмянілася, калі матэрыяльны дабрабыт ужо ня той. Раней частку людзей выратоўвалі паездкі на заробкі ў Расею. Цяпер і гэтая магчымасьць зрабілася істотна меншай. У выніку — незадавальненьне ўладай і абурэньне.
Ва ўмовах крызісу, як я бачу, істотна абвастрыўся яшчэ адзін аспэкт дачыненьняў паміж звычайнымі людзьмі і ўладай. Калі ўладкаваньне на працу з высокім заробкам стала вялікай марай, многія людзі сутыкнуліся з такой сытуацыяй — ім канкрэтна ў гэтым месцы працы адмовілі. Але ж вакансію занялі іншыя людзі. І вельмі часта яны прыйшлі на гэтае месца праз блат, праз знаёмства зь мясцовымі чыноўнікамі. На пэрыфэрыі гэтага не схаваеш. І гэтыя крыўды вельмі балючыя.
Раней многія беларусы былі ўпэўненыя, што калі б пра тое, што робіць карумпаванае мясцовае чынавенства, дазнаўся прэзыдэнт, ён бы адабраў у гэтых чыноўнікаў іх пасады, а кагосьці і засадзіў бы за краты. Але ж чым больш праходзіць часу, тым больш людзі пераконваюцца — усе гэтыя выступы прэзыдэнта, заклікі да бязьлітаснай барацьбы з карупцыяй — толькі словы. І, за рэдкім выключэньнем, ня болей. Таму і Лукашэнка для іх ужо не такі сьвяты.
І яшчэ адна праблема, непасрэдная зьвязаная з постацьцю кіраўніка дзяржавы. Падобна, істотная частка насельніцтва страчвае веру ў тое, што Лукашэнка ўсё можа. Раней у многіх не было сумневу, яны сьвята верылі, што прэзыдэнт у любой сытуацыі знойдзе выйсьце, што ён нешта прыдумае, недзе схітрыць, нешта дастане. Цяпер, падобна, такой веры ва ўсемагутнасьць Аляксандра Рыгоравіча няма.
Думаю, што адпаведныя спэцслужбы ўжо прадставілі кіраўніку Беларусі падрабязную інфармацыю. І, зразумела, спрагназавалі, што пратэсты зьмяншацца ня будуць. Таму, я думаю, у бліжэйшы час трэба чакаць нейкай вялікай адстаўкі. На маю думку, прэм’ера Андрэя Кабякова. Бо на меншую пэрсону ўсе цяперашнія беды ня сьпішаш. Ну, а калі не чапаць Кабякова, то тады адказнасьць прэзыдэнту трэба браць на сябе.
Карбалевіч: Калі казаць агулам, то пратэсты працягваюцца таму, што ня вырашыліся тыя праблемы, якія выклікалі выбух незадавальненьня. І тут я б працягнуў вашую думку, Юры. З сацыялёгіі вядома, што найбольш небясьпечны пэрыяд для палітычнага рэжыму — калі даходы насельніцтва растуць, а потым нечакана для усіх абрынаюцца.
Лукашэнка з дапамогай сваёй сацыяльнай мадэлі падарыў людзям надзею. Ён прапанаваў праект, адрозны ад тых варыянтаў, якія рэалізавалі іншыя посткамуністычныя краіны. То бок без трансфармацыі забясьпечыць узровень жыцьця, супастаўны з суседнімі краінамі. Яму ўдалося стварыць міт пра пабудову грамадзтва без багатых,без алігархаў.
І вось цяпер большасьць зразумела, што гэты міт, гэтая надзея абрынулася. Няма сьвятла ў канцы тунэля, няма пэрспэктываў. Краіна паўстала перад неабходнасьцю балючых рэформаў, якія суседнія краіны правялі яшчэ ў 90-ыя гады. Грамадзтва вярнулася ў пачатак 90-х, калі разбурылася звыклая карціна сьвету, звыклая сыстэма сьветапоглядных каардынатаў, людзі апынуліся ў сытуацыі псыхалягічнага стрэсу. І менавіта гэта выштурхоўвае людзей на вуліцу, а ня толькі зьбядненьне. А дэкрэт стаў каталізатарам, маркерам, што ўлада несправядлівая. Зразумела, зрабіла ўплыў і тая касмэтычная лібэралізацыя, якую прапанавалі ўлады. Насельніцтва адчула, што атмасфэра зьмянілася. Пасьля парлямэнцкіх выбараў, калі ў палату прадстаўнікоў прапусьцілі дзьвюх дэмакратычных дэпутатак, я пісаў, што паламаўся ўвесь ідэалягічны канструкт. Гэтае рашэньне як бы легалізавала апазыцыю у вачах грамадзтва. І тое што Лукашэнка падчас «Вялікай размовы з народам» спакойна размаўляў, дыскутаваў з апанэнтамі (Раманчуком, Анісім), сустрэўся зь Сярэдзічам, грамадзтва ўбачыла, адчула і вырашыла, што цяпер можна падаць голас, бо ўлада дазволіла. Гэта нагадвае сытуацыю гарбачоўскай галоснасьці, калі з дазволу зьверху грамадзтва прарвала.