Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізу тысячы чалавек на «Маршы недармаедаў» у Воршы. Акцыя пачалася і скончылася затрыманьнямі ФОТА, ВІДЭА


Пачатак «Маршу недармаедаў» быў анансаваны на 13.00, а затрыманьні і ператрусы ў аршанскіх актывістаў пачаліся з самага ранку.

Ператрус адбыўся ў журналіста Арцема Сізінцава, быў затрыманы актывіст кампаніі «Гавары праўду» Ігар Грышанаў, міліцыя дзяжурыла каля дамоў Віталя Паўлава і Валянціны Ігнаценкі, і таму яны не змаглі трапіць на акцыю.

Трапіць на плошчу каля аршанскага Дома гандлю стала праблемай для некаторых журналістаў зь Менску і Віцебску: супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх у памяшканьні чыгуначнага вакзалу. Але праз колькі часу адпусьцілі — віцебскіх калег яшчэ да пачатку маршу, а менскіх — бліжэй да сканчэньня.

Жыхары Воршы зьбіраліся на цэнтральнай плошчы паступова: спачатку людзей было ўсяго некалькі дзясяткаў і яны гуртаваліся на ходніках па пэрымэтры. Калі Павал Севярынец, які адмыслова прыехаў зь Менску, запрасіў усіх падыходзіць бліжэй, людзей пачало большаць. Тыя, хто падыходзіў, распавядалі пра міліцэйскія кардоны і праверкі дакумэнтаў у бліжэйшых да плошчы дварах.



Выступ праваабаронцы, сябра РГПА «БХК» Васіля Берасьнева слухалі ўжо некалькі соцень чалавек, а калі колішні аршанскі лідэр рабочага руху Віктар Андрэеў прапанаваў прыняць рэзалюцыю і занесьці яе ў райвыканкам, яго падтрымалі ўжо больш за тысячу аршанцаў.



Колькасьць удзельнікаў акцыі ўражвала мінакоў, калі калёна рухалася аршанскімі вуліцамі. Сыгналілі машыны, некаторыя мінакі паціскалі рукі людзям з калёны. Калі натоўп спыніўся каля будынку выканкаму, людзі зноў узьнялі некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў.

На ганак выйшаў намесьнік старшыні Аршанскага гарвыканкаму Алег Сьмірноўскі. Ён зьвярнуўся да прысутных праз мэгафон. Высьветлілася, што выступоўцы-актывісты таксама рыхтавалі гукаўзмацняльную тэхніку, але перад пачаткам акцыі яе забрала міліцыя.

Спадар Сьмірноўскі мэгафону іншым выступоўцам не прапанаваў, сказаў, што можа запрасіць прадстаўнікоў грамады ў залю, каб там «паразмаўляць». Аднак людзі адмовіліся дзяліцца на часткі, чыноўніку ўручылі рэзалюцыю з патрабаваньнем адмены Дэкрэту № 3, і ён сышоў.
Наступныя выступоўцы гаварылі ня толькі пра дэкрэт, але й пра неабходнасьць адмены кантрактаў, што трэба скасоўваць падвышэньне пэнсійнага ўзросту, пра беспрацоўе, пра нізкія заробкі.

Выступы і проста гучныя размовы ў натоўпе перамяжоўваліся воклічамі «Жыве Беларусь!», «Лукашэнка, сыходзь!», «Уладу — народу», «У адстаўку!» — людзі патрабавалі адстаўкі як кіраўніцтва дзяржавы, так і мясцовай «вэртыкалі». «Ворша, прачынайся!» — гэтым лёзунгам, паўтораным некалькі разоў, сход на ганку райвыканкаму скончыўся.
«Марш недармаедаў» у Воршы працягваўся трохі больш за гадзіну.

Адразу па завяршэньні акцыі пачаліся затрыманьні. У першыя ж хвіліны па адʼезьдзе з Воршы міліцыя затрымала машыну, у якой ехаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, а потым некалькі аўтамабіляў з журналістамі. Пра затрыманьні паведамілі аршанскія актывісты Віктар Міхасеў і Віктар Андрэеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG