«Драздуны» — новае слова ў народнай мове. Менавіта так назвала адна з удзельніц мітынгу тых, хто працуе на падтрымку ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы ня хочам ні вайны, ні Расеі, мы хочам, каб нас пачулі», — паўтарала маладая кабета, чый муж не вылазіць з заробкаў у Расеі.
Тэхнічна, слова ня новае, «драздуноў» заклікалі да адказу амаль год таму — на Дзень Волі — прыхільнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Але падобна, цяпер яно пайшло «ў народ».
Карэспандэнтка «Свабоды» Аляксандра Дынько, ведучы жывы эфір з Бабруйску, зазначыла, што людзі літаральна ўставалі ў чаргу, каб выказаць набалелае ў мікрафоны прысутных журналістаў.
Ізноў, як у Пінску, людзі апэлявалі да «Яго» з агульнымі для людзей эканамічнымі праблемамі.
— Мы ж не абвінавачваем яго, але ён мусіць да нас прыслухацца, — плача жанчына.
— Калі работа ёсьць, то яна бясплатная.
— За 100 даляраў не пражывеш.
— Калі мяне скароцяць, мяне нідзе ня возьмуць.
— З нашым заробкам мы ня можам заплаціць камунальныя платы.
Але гучалі і новыя для Аляксандра Лукашэнкі, магчыма, самыя балючыя ацэнкі. Бо адным з ідэалягічных козыраў кіраўніка краіны былі тэзісы пра «неразваленыя заводы» і «стабільную эканоміку».
— Разваліў саўгасы, калгасы і заводы.
— Да рэвалюцыі ў Бабруйску было больш працы.
— Пасьля вайны так не жылося, як я зараз жыву, — амаль плача старэнькая бабуля.
— Ва Ўкраіне лепей жыць, хоць там вайна, а ў нас горай без вайны.
— Пры Саюзе на работу бралі хоць у 90 гадоў. А тут маладым няма працы, ня тое што пэнсіянэрам.
Некаторыя ўдзельнікі акцыі пратэсту падкрэсьлівалі атмасфэру страху.
— На дзяржаўных прадпрыемствах начальства прыгразіла: хто пойдзе на мітынг, таму не працягнуць кантракты.
— Я амаль не выходжу з дому (па стане здароўя — РС). Я прыйшла зразумець Лукашэнку. Аляксандар Рыгоравіч, самае страшнае, што вы пасеялі страх.
Дэкрэты мусяць прыносіць шчасьце, а нам прыносяць «лісты шчасьця»
У Бабруйску выступалі грамадзкія актывісты, іх актыўна падтрымлівалі звычайныя ўдзельнікі, якія ў размовах з журналістамі давалі досыць жорсткія ацэнкі Аляксандру Лукашэнку.
— У шпіталі антысанітарыя, дзіцёнка страшна там пакінуць, а ён лядовыя палацы будуе.
— Дэкрэт — лухта, трэба, каб ён сыходзіў.
— Дэкрэты мусяць прыносіць шчасьце, а нам прыносяць «лісты шчасьця». У нас прыгоннае права.
— Мы не адмарозкі.
— Людзям сказаў — хай выступаюць (на плошчах — РС), а самі (міліцыя — РС) хапаюць людзей.
— За мяжой за беспрацоўе дзяржава плаціць людзям, а тут людзі — дзяржаве.
— Хай Лукашэнка дасьць справаздачу, як ён расходуе бюджэтныя грошы.
У Бабруйску прагучаў не акцэнтаваны раней на мітынгах аспэкт — міграцыя мужчын (у першую чаргу) на заробкі.
— Мужчыны вымушаныя ехаць па заробкі за мяжу — Расею, Літву, Польшчу. Сем’і разбураюцца.
— Чакаеш-чакаеш: прыедзе — не прыедзе, прывязе — не прывязе (грошы — РС).
Найбольш актыўныя ўдзельнікі акцыі пратэсту ў Бабруйску прапаноўвалі свае варыянты бліжэйшай і аддаленай будучыні:
— Дакаціліся з талерантнасьцю. Нам патрэбна парлямэнцкая рэспубліка.
— Кожная плошча нараджае новых лідэраў. За кожнага пасаджанага лідэра плошча будзе нараджаць пяць.
— Не падабаюцца ім бел-чырвона-белыя, будзем выходзіць з афіцыйным сьцягам. Давайце дакажам, што мы ня быдла.
Акцыя ў Воршы адбылася хутка, энэргічна, жорстка, бяз скаргаў. Былі найперш патрабаваньні. Эканамічныя і найперш палітычныя.
Публічна парвалі макет квітка на аплату «дармаедзкага падатку».
На мітынг запрасілі прадстаўніка мясцовай адміністрацыі, а адміністрацыя запрасіла да сябе і ня выйшла.
«Верам, можам, пераможам!», «Ворша, уставай!», «Вы-ба-ры!» — паўтаралі мітынгоўцы сьледам за грамадзка-палітычным актывістам Паўлам Севярынцам, які зрабіў акцэнт на тым, што Аляксандар Лукашэнка мусіць сысьці з пасады прэзыдэнта.
Па завяршэньні Павел Севярынец быў затрыманы міліцыяй, як і карэспандэнтка «Свабоды» Галіна Абакунчык, якая вяла жывы эфір з акцыі. Разам з карэспандэнтам агенцтва «БелаПАН» Андрэем Шаўлюгам і блогеркай Анастасіяй Пілюгінай.
У Рагачове людзі не скандавалі лёзунгі, хутчэй выгаворваліся адзін аднаму.
Асаблівасьць мерапрыемства — засланыя «чыноўнікі ў штацкім». Яны спрачаліся з прысутнымі, даводзілі, што ня ўсё так кепска ў краіне. Тым самым толькі злавалі адносна спакойных перад тым людзей.
Адна дама кінула фразу: "«Вы сабралі праплачаных людзей».
Варта зірнуць відэа з Рагачова, паглядзець на прысутных, паслухаць іх, каб пераканацца, што гэта самыя звычайныя рагачоўцы.
Разам усіх было каля пяцісот.
— Баяцца ісьці. Гэта колькі разоў яшчэ трэба паўтараць (акцыі — РС). Са старыкоў пачынаецца новае жыцьцё (краіны — РС).
— Сумны жарт: навошта АЭС, калі паўмільёна «дармаедаў» могуць круціць дынама-машыну.
— Я б мужа сілком штурханула, каб ведала, што дзесьці работа зьявілася.
— Я пасьляваенны дзіцёнак, але такога дзіва ня бачыла, каб работы няма, а ты за гэта плаціш. Куды тут пасьля 1-га траўня хто на работу ўладкуецца.
— Працую па калгасах, умовы як у канцлягеры. Даюць дамы, у якіх жыць нельга. Абураесься — кажуць зьяжджай.
— Калгасы разбураныя. Няма чым рамантаваць нават.
Сустрэча скончылася мірна.