«Партрэт», д/ф, рэж. Вольга Дашук; Белсат 2017.
Новы фільм Вольгі Дашук «Партрэт», што створаны для тэлеканалу «Белсат», цалкам складаецца зь вечных формаў. Ход непарушнага жыцьцёвага цыклу, простыя аднатыпныя ракурсы, нязьменныя тэмы мараў, жыцьця і сьмерці. Карціна пераймае фэнамэнальную асаблівасьць гэтых формаў — быць простым і складаным адначасова. Яна ўяўляе сабой шэраг кароткіх «партрэтаў» беларусаў — ад немаўляці да старога, — кожны зь якіх перад камэрай адказвае на адно пытаньне. Вонкава немудрагелістая кароткамэтражка з трафарэтнымі пытаньнямі, фармулёўку якіх мы звычайна ня чуем, а толькі мяркуем, мае важкую амбіцыю паказаць вобраз думкі сучаснага беларуса. І нешта «Партрэт» сапраўды раскрывае.
Ідэя фільму Вольгі Дашук ня новая: яшчэ ў 1980 годзе клясык польскага і сусьветнага кіно Кшыштаф Кесьлёўскі (аўтар клясычных прац «Дэкалёг», «Двайное жыцьцё Веранікі», сэрыі «Тры колеры: сіні», «Тры колеры: белы», «Тры колеры: чырвоны») зьняў у гэтым фармаце чатырнаццаціхвілінны фільм «Галовы, што гавораць». Рэжысэр задаваў сваім героям пытаньні «Хто вы?» і «Чаго б вам хацелася?». Здаецца, у большасьці выпадкаў ён падыходзіў да людзей нечакана, але адказы, якія мы чуем у фільме, гучаць як паказальныя, калярытныя, выразныя выказваньні.
Таму «Партрэт» Вольгі Дашук цікавы ня толькі сам па сабе, як твор, што фіксуе сучаснае беларускае мысьленьне. Своеасабліва ён раскрываецца ў параўнаньні з «Галовамі», зьнятымі амаль сорак гадоў таму, бо тут выяўляецца, што кірунак мысьленьня амаль незаўважна, але відавочна стаў іншым.
Абодва фільмы характарызуюцца дакумэнтальнай бесстароньняй камэрай; атмасфэрай, у чым бы яна ні выяўлялася, часу і месца; роўнасьцю пэрсанажаў, асобная значнасьць якіх максымальна сьціснутая, бо яны важныя менавіта для абмалёўкі «калектыўнага несьвядомага».
Нават мастак ці палітычны дзеяч, то-бок вядомыя асобы, якія зьяўляюцца ў «Партрэце», не выступаюць з агульнага шэрагу, а застаюцца яго раўнапраўнымі ўдзельнікамі. Да таго ж іх адказы не становяцца асабліва выбітнымі выказваньнямі: фільм за кошт звычайнасьці і некаторай шаблённасьці словаў, зь якіх ён і складаецца, цячэ роўна, без усплёскаў, эмоцый, парываў, і сьцьвярджае прастату чалавечых жаданьняў. Усё гэта — няхітрае, тыповае, стандартнае — мы недзе ўжо чулі, можа, нават, ад сябе. І ўсё ж, паўтаруся, прастата гэтая непаўнавартасная: за кожным агучаным жаданьнем мноства глябальных, неразгаданых, загадкавых рэчаў. Унутраная раўнавага, каханьне, маладосьць, адзінота, беларуская Беларусь.
Вольга Дашук запазычыла ў Кшыштафа Кесьлёўскага канструкцыю, у тым ліку жаданьне ахапіць сваім фільмам цэлае пакаленьне: яна пачала сваё «апытаньне» зь дзіцяці, якое яшчэ нават не размаўляе, і скончыла на 95-гадовым старым (у Кесьлёўскага апошнім пэрсанажам зьяўляецца стогадовая жанчына). Але рэжысэрка пашырыла кола пытаньняў, і ў «Партрэце», акрамя самаідэнтыфікацыі і мараў, загучалі страхі, сьмерць, расчараваньні.
Загаварылі рабаціністыя, ціхамірныя, прастадушныя, непасрэдныя, з душэўным болем або надзеямі, беларусы... Бесьсюжэтная форма, дзе адзін за адным зьяўляюцца толькі твары, дзе не паведамляецца нічога новага ці канцэптуальнага, тым ня менш прыцягвае да экрану, на якім самы нязначны рух веек, зьмены ў вачах ці падціснутыя вусны ўжо становяцца падзеяй. У жыцьці мы, можа быць, не заўважаем, наколькі чалавек — бяздонны аб’ект для назіраньня. І ўдосталь нагледзеўшыся гэтай натуры ў «Партрэце», можна толькі запатрабаваць другую сэрыю, таму што насыціцца гэтымі тварамі немагчыма. Хоць асобны пэрсанаж у фільме і абязьлічаны (таму што ў першую чаргу зьяўляецца дэтальлю мазаікі), чалавек у цэлым нясе за сабой усёабдымныя паняцьці нацыі, народу ці краіны. Адпаведна кожнае слова, якое тут вымаўляецца, набірае ў вазе, таму што да іх адносіцца.
Чалавечыя жаданьні ў XXI стагодзьдзі, трэба сказаць, абмялелі. Сучасьнікі Кесьлёўскага ў фільме кажуць аб публічных палітычных дыскусіях, пра выратаваньне чалавечага жыцьця, пра свабоду. Яны разважаюць у маштабах нацыі, яны думаюць пра ўсеагульнае дабро, яны ўсьведамляюць сябе ня толькі індывідуальнасьцю, але і важнай часткай цэлага.
Адметна і тое, што ў выказваньнях у «Галовах» чуецца клопат пра будучыя пакаленьні: людзі сьвядома працуюць дзеля забесьпячэньня сваім дзецям лепшага жыцьця. Сёньня мы павінны адчуваць сябе спадчыньнікамі, «пажынаць плады», але — нават сыходзячы з двух гэтых фільмаў, а не рэчаіснасьці — мы ўсяго толькі пераймаем эстафэту. І робім гэта без энтузіязму. Не прыйшоў ня тое што «ўсеагульны дабрабыт», але і са свабодай выбару, якая агучваецца ў «Галовах», у нас да гэтага часу праблемы. Пэрсанажы Кесьлёўскага ўяўлялі сабе сьветлую будучыню, а мы глядзім на іх як на наіўных, хоць і высакародных, летуценьнікаў.
Сымбалічна, што ў калектыўным партрэце Вольгі Дашук — а ён уключае ў сябе больш за шэсьцьдзесят пэрсанажаў (у Кесьлёўскага іх каля сарака пяці) — непакой за будучае пакаленьне гучыць аднойчы. І гэта толькі адна дэталь, якая паказвае, што гэты «партрэт» сканцэнтраваны на сабе, а яго жаданьні абмежаваныя ўласным адасобленым сьветам. Выратаваньне чалавечага жыцьця, публічныя палітычныя дыскусіі, свабода ўжо не гучаць.
Часьцей гучыць непакой за шчасьце ў асабістым жыцьці. Нашы сучасьнікі — і мы? — заклапочаныя сабой і ў асноўным на сабе ж і спыняемся. Так што фільм Вольгі Дашук — гэта партрэт асабістых жыцьцяў. Мужчына ўспамінае, як яго кінула «дзяўчонка», і становіцца відавочна, што гэта падзея для яго і першапрычына, і галоўны боль. Пажылая жанчына марыць вярнуць маладосьць, «каб палётаць на забаву на якую». А іншая кажа, што хацела б пабудаваць сабе раскошны дом з крэсламі і канапамі. Адным словам, «Партрэт», які па азначэньні апісвае сучаснага беларуса, — гэта фільм пра індывідуаліста. Аўтаномнасьць аказваецца адной з галоўных якасьцяў, і з пасылам фільму (а ўсе гэтыя развагі грунтуюцца на суб’ектыўным рэжысэрскім выбары пэрсанажаў) у цэлым нельга не пагадзіцца.
Невядома, індывідуалізм беларуса — гэта сьвядомы выбар ці наступства ўзьдзеяньня сыстэмы, але магчыма менавіта гэтае жаданьне адасобіцца ад цэлага абумоўлівае спадарожную якасьць партрэту — адзіноту. І спосаб здымак гэта падкрэсьлівае: калі ў Кесьлёўскага за «галовамі» цячэ жыцьцё, ходзяць людзі, гучыць гарадзкая мітусьня, партрэт Вольгі Дашук адзінокі і ў кадры, і па значэньні. Ня кажучы ўжо пра тое, што пэрсанажы фільму самі неаднаразова кажуць пра сваё адзінокае становішча. У выніку можна толькі канстатаваць, што згодна з партрэтам Вольгі Дашук сучасны беларус адмовіўся ад высокіх памкненьняў, аддзяліў сябе ад цэлага і сканцэнтраваўся на сабе. Пра краіну — «каб была Беларусь беларускай» — выказваецца бадай што толькі Станіслаў Шушкевіч, на гэтым усё.
Крыўдна, што вонкавую простасьць «Партрэту» беларусы ня здолелі заглушыць яскравасьцю сваіх думак. Да індывідуалізму, адзіноты дадаем шаблённасьць сэнсаў і фармулёвак. І якія б насамрэч складаныя рэчы не стаялі за выказваньнямі пэрсанажаў, слухаючы сваіх суайчыньнікаў разумееш: гэтаму партрэту востра не хапае нейкай унутранай шырыні. А краіне не хапае ўмоваў, у якіх за індывідуалізмам разьвіваліся б індывідуальнасьці. Таму сучаснасьць для беларуса — адназначна ня час высокіх мараў.
Сыходзячы з ўсяго вышэй сказанага, можна паспрабаваць адказаць на пытаньні «хто вы?» і «чаго б вам хацелася?». І становіцца страшна. Хай сабе сваімі адказамі ты выявіш эгацэнтрызм і адзіноту. Страшней аказацца сам-насам з такімі ж вузкімі думкамі.
Ірэна Кацяловіч