Як сама ставіцца да гэтай сваёй ролі Натальля, высьвятляў карэспандэнт Свабоды.
Сустрэцца з актывісткай «Маладой Беларусі» Натальляй Папковай удалося ў першы ж дзень пасьля яе вызваленьня зь псыхіятрычнай лякарні, куды яе прэвэнтыўна зьмясьцілі 3 сакавіка, напярэдадні трэцяга «Маршу недармаедаў» у Берасьці.
У сацыяльных сетках Натальлю ўзнагародзілі многімі эпітэтамі, нават называлі «берасьцейскай Жаннай д’Арк». На пытаньне, як яна ставіцца да гэтага, актывістка жартуе:
«Не, я сябе Жаннай д’Арк не лічу і не хацела б прымераць яе ролю — трапіць на вогнішча. Але ж калі людзі хочуць, то няхай называюць».
«Такіх у сталінскія часы расстрэльвалі»
Натальля Папкова распавяла пра ўмовы знаходжаньня ў псыхіятрычнай лякарні ў Берасьці, куды яе прымусова зьмясьцілі:
«Нічога не давалі: ні пігулак, ні ўколаў. Карміць прапаноўвалі, але я абвясьціла галадоўку. Калі б мяне ў панядзелак не адпусьцілі, то пачала б увогуле сухую галадоўку.
Умовы ўтрыманьня там жахлівыя — палаты безь дзьвярэй, толькі вокны, якія не адчыняюцца. Акрамя мяне яшчэ тры чалавекі былі ў палаце. Пэрсанал — і жанчыны, і мужчыны. Запомніла, як мяне прымалі там, у маёй торбе бела-чырвона-белы сьцяг ляжаў. І адзін зь лекараў нядобра на мяне зірнуў і сказаў, што, маўляў, такіх, як я, у сталінскія часы расстрэльвалі, і мяне няблага было б», — расказала Натальля.
Дзяўчына кажа, што міліцыянты паведамілі, што яе зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню быццам бы праз заяву суседзяў, што Натальля хоча скончыць жыцьцё самагубствам. Аднак Натальля кажа, што ня верыць у тое, што суседзі маглі напісаць на яе данос. Пры гэтым дзяўчына запэўніла, што ў яе «не ўзьнікала і ня ўзьнікне» жаданьня скончыць жыцьцё самагубствам.
«Трэба ня толькі па акцыях бегаць, але і грошы зарабляць»
Натальля Папкова паводле адукацыі страхавы агент, але ў гэтай прафэсіі яна адпрацавала толькі год, цяпер яна прадпрымальніца.
«Я чалавек, які не баіцца амаль што нічога. Вось я не пабаялася ў нашай краіне адкрываць свой бізнэс. Адкрыла, і ўжо нават ёсьць нейкі прыбытак. У мяне клінінгавае агенцтва, займаемся прыбіраньнем офісаў, памяшканьняў, адкрываем зараз сайт „Чысты бусел“. Сайт дзьвюхмоўны, але першая старонка будзе беларускай. У плянах працаваць і працаваць, бо трэба ня толькі па акцыях бегаць, але і грошы зарабляць», — кажа Натальля.
Спадарыня кажа, што перажывае за сваю справу, але мяркуе, што ўдасца разьвіваць бізнэс.
Праз удзел у палітычных пратэстах прыйшла да беларускасьці
Натальля кажа, што ў сям’і ня мае аднадумцаў:
«Сястра, вядома, перажывала. Яна крыху іншых палітычных поглядаў, чым я. Мая сям’я ўвогуле звычайных поглядаў, маці падтрымлівала гэтую ўладу. Яна працуе швачкай, хоць паводле адукацыі — настаўніца малодшых клясаў.
Мне было дзесьці 23 гады, калі пазнаёмілася з Артурам Фінькевічам (лідэр „Маладой Беларусі“. — РС), пачала езьдзіць на пратэсты. Спачатку Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, Дзяды... Хадзіла на „маўклівыя акцыі“ ў Берасьці. Размаўляла зь людзьмі, самаадукоўвалася. Я і тады разумела, што ў тыя ж 23 гады чалавек бачыць мала пэрспэктываў. Мне хацелася нешта зьмяніць.
Ужо пасьля Майдану ва Ўкраіне да мяне прыйшло моцнае жаданьне пачаць гаварыць па-беларуску. Пасьля таго, як пабачыла, што робіцца цяпер ва Ўкраіне, Данецку, Крыме, я зразумела, што ў маю краіну, мой горад, мой дом могуць прыйсьці „зялёныя чалавечкі“; я зразумела, што трэба размаўляць на сваёй мове, таму што свая мова — гэта маці і абарона.
Я яшчэ не ідэальна валодаю мовай, але я стараюся, буду вучыцца і ўдасканальвацца».
«Жаданьне ўдзельнічаць у пратэсьце толькі падвоілася»
Натальля кажа, што вопыт затрыманьня для яе карысны — для таго, каб імкнуцца пазьбягаць затрыманьняў напярэдадні наступных акцыяў. Больш яна плянуе пратэсты не прапускаць:
«Жаданьне ўдзелу ў пратэсьце толькі падвоілася пасьля гэтых выходных. Можа, я і ня так яскрава буду выступаць, але на акцыях буду дакладна. Таму што я адчуваю, што гэта тыя людзі (удзельнікі акцыяў пратэсту. — РС), якім не пляваць на сваю Радзіму, на свой горад, якія ня хочуць жыць у прыніжэньні. Я ведаю, што ў часе апошняй акцыі мяне згадвалі, патрабавалі майго вызваленьня. Я вельмі ўдзячная гэтым людзям.
Таксама вельмі ўдзячная незалежным СМІ, таму што ў асноўным дзякуючы ім мяне так хутка выпусьцілі і неяк пабойваліся са мной нешта рабіць».
Натальля перакананая, што перамовы з уладамі, спроба якіх адбылася ў Берасьці ў час апошняга пратэсту, мажлівыя, але пры пэўных умовах:
«Перамовы зь імі магчымыя на плошчы, калі яны выйдуць да людзей. Калі нас шмат, то мы можам зь імі размаўляць з пазыцыі сілы. Ня мы да іх павінны ісьці, а яны да нас. Наконт маршаў — я думаю, што ўсё будзе вырашацца ў Менску, але і рэгіянальныя акцыі — гэта такая падрыхтоўка».
На пытаньне, якой Натальля бачыць Беларусь будучыні, Натальля кажа:
«Парлямэнцкая рэспубліка. Пасаду прэзыдэнта трэба ўвогуле адмяніць. Не павінна быць улада ў руках аднаго чалавека. Ну і зьмены ў Канстытуцыі трэба адмяняць, вяртаць яе такой, якой была да Лукашэнкі», — перакананая актывістка.
Лідэрка берасьцейскага маршу недармаедаў кажа, што людзям трэба адкінуць страх:
«Ня трэба баяцца, трэба зьмяняць свой горад і сваю краіну да лепшага. І трэба патрабаваць ад уладаў тое, за што яны атрымліваюць свой заробак, — каб яны не праседжвалі ў сваіх кабінэтах, а адстойвалі нашы правы», — сказала Натальля Папкова.