Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад «Маршам недармаедаў» у Берасьці актывістаў забіраюць то ў вар’ятню, то ў РАУС


Андрэй Шарэнда зь плякатам «Баста» ў часе акцыі 26 лютага ў Берасьці
Андрэй Шарэнда зь плякатам «Баста» ў часе акцыі 26 лютага ў Берасьці

Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» зь Берасьця Андрэя Шарэнду затрымалі міліцыянты. Ня выключана, што выходныя ён можа правесьці ў пастарунку.

Аб гэтым Свабодзе паведаміў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк:

«А 18.30 яго затрымалі два супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў Ленінскі РАУС па адміністрацыйнай справе аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. З аўторка яго выклікалі, апытвалі. Два разы ў міліцыі быў. Я мяркую, што яго затрымалі адмыслова, каб не дапусьціць удзелу ў акцыі 5 сакавіка. Пацягнулі час і затрымалі ўвечары ў пятніцу», — апавёў праваабаронца.

Раман Кісьляк лічыць, што Андрэй Шарэнда можа прабыць у пастарунку цягам выходных.

Раней сёньня стала вядома, што ў Берасьці затрыманая актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова. Яе знаёмая Людміла Захарэнка распавяла Свабодзе, што Натальля знаходзіцца ў псыханэўралягічным дыспансэры, дзе абвясьціла галадоўку:

«Зайшла сёньня туды ў прыёмны пакой — а яна там. Паразмаўляць далі толькі на нэўтральныя тэмы і ў прысутнасьці лекара. Дыягназ не сказалі. Сказалі, што дакладна да панядзелка будуць трымаць. Ежу Натальлі не купляла, бо яна на знак пратэсту абвясьціла галадоўку».

Не адказвае цяпер і мабільны тэлефон яшчэ аднаго з мадэратараў берасьцейскага «Маршу недармаедаў» Аляксандра Кабанава зь Бярозы. Раней яму была ўручаная позва зьявіцца ў Ленінскі РАУС Берасьця на 17 гадзінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG