Перад самым ад’ездам Аляксандра Кабанава ў Івацэвічы яго «запрасілі на гутарку» з начальнікам міліцыі Бярозы. Пра гэта Свабодзе расказала знаёмая актывіста, якая зьбіралася ехаць у Івацэвічы разам зь ім. Сувязі з Аляксандрам Кабанавым няма, ягоны тэлефон адключаны з часу, калі ён сеў у міліцэйскую машыну.
Аб 11 гадзіне ў Івацэвічах Аляксандар Кабанаў зьбіраўся ўзначаліць групу нязгодных з дэкрэтам аб «дармаедах» і занесьці калектыўны зварот у райвыканкам пра неабходнасьць адмены гэтага дэкрэту. Аднак у адсутнасьць спадара Кабанава людзі да чыноўнікаў не пайшлі.
Сёньня раніцай у Бярозе ўжо затрымлівалі Аляксандр Кабанава. Яго адвезьлі ў Бярозаўскі РАУС, узялі тлумачэньні наконт парушэньня правілаў дарожнага руху і адпусьцілі.
Пра сваё затрыманьне Аляксандар распавядаў па дарозе ў пастарунак:
«Цяпер ужо прыехалі ў РАУС. Забралі за парушэньне правілаў дарожнага руху, наколькі я зразумеў. Да мяне стаў чапляцца малады чалавек, і я ад яго за машыну адыходзіў, каб не справакаваў на бойку. Усё, я ў РАУС, прыехаў ужо, зараз буду адключаць тэлефон...»
Аднак тады апазыцыянэра зь міліцыі адпусьцілі, узяўшы тлумачэньні.
Аляксандар Кабанаў — адзін з найбольш актыўных зьбіральнікаў подпісаў за адмену дэкрэту № 3 на Берасьцейшчыне. Ён сабраў ужо больш 2,5 тысячы подпісаў і працягвае гэтую справу.