Бярозаўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў павінен зьявіцца ў міліцыю 5 сакавіка ў час, калі ў Берасьці заплянаваны чарговы «Марш недармаедаў».
Позву зьявіцца ў міліцыю ў 5 сакавіка міліцыянты прынесьлі спадару Кабанаву дахаты. Актывіст кажа, што такім чынам яго спрабуюць нэўтралізаваць на час акцыі. Да таго ж, у міліцыю ён выкліканы ў выходны дзень — нядзелю:
«Бачыце, нават у нядзелю працаваць плянуюць. Прыехалі, ды ўручылі позву ў берасьцейскую міліцыю на 10 гадзінаў 5 сакавіка. Якраз у той дзень, калі будзе адбывацца акцыя.»
Апазыцыянэр кажа, што ён не зьбіраецца ігнараваць позву, але пойдзе ў міліцыю крыху пазьней, пасьля акцыі.
Сёньня Аляксандар Кабанаў ужо наведваў міліцыю ў Бярозе, куды яго выклікалі даць тлумачэньні наконт «Маршу недармаедаў» 26 лютага ў Берасьці:
«Учора мне патэлефанавалі ўвечары, папрасілі прыйсьці, але я патлумачыў, што мне трэба ісьці на канцэрт, на які ўжо білеты набытыя, папрасіў перанесьці сёньня на раніцу. Калі прыйшоў сёньня у міліцыю, то сказалі, што прыйшоў факс зь Берасьця наконт таго, каб апытаць мяне па акцыі, якая была ў Берасьці 26 лютага. Мне задавалі пытаньні, але я сказаў, што даваць паказаньняў ня буду. Склалі пратакол, сказалі, што будуць перадаваць у суд,» — распавёў Свабодзе актывіст.
Перад менскай акцыяй «дармаедаў» 17 лютага Аляксандра Кабанава таксама выклікалі ў міліцыю позвай менавіта на час акцыі. Тады апазыцыянэр пайшоў не ў міліцыю, а прыехаў у Менск.
Аляксандар Кабанаў — адзін з найбольш актыўных зьбіральнікаў подпісаў за адмену дэкрэту № 3 на Берасьцейшчыне. Ён сабраў ужо больш 2,5 тысяч подпісаў, і працягвае гэтую справу.