Яны ўсталявалі гукаўзмацняльную апаратуру і музычныя інструмэнты. Вакол імправізаванай сцэны сабраліся каля 50 чалавек.
Людзі хорам прачыталі малітву «Ойча наш», а пасьля вернікі-эвангелісты выканалі духоўныя сьпевы. — Памаліцеся і шчыра папрасіце Бога, каб ён ня даў беларусам загінуць, а даў моц супрацьстаяць ганебнай будоўлі! Выратуй нашу краіну, Божа! — заклікаў вернікаў Антоній Бокун.
Пад вечар у лягеры знаходзіліся больш за 50 абаронцаў і неабыякавых грамадзян.
— Мы ўсе чакаем ранку, гэта будзе крытычны, вырашальны момант. Калі тэхніка зноў запрацуе, мы будзе спыняць яе фізычна, — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
Ён падкрэсьліў, што найбольш складаны час надыходзіць пад раніцу. А 8-й гадзіне ўсе сыходзяць на працу і ў лягеры застаюцца 3-4 чалавекі.
Раптам у лягер прыйшоў хлопец, відавочна, нападпітку, ён пачаў лаяцца матам і канфліктаваць з абаронцамі. Яго вывелі па-за тэрыторыю лягеру маладафронтаўцы. Там хлопец падыйшоў да двух людзей у цывільным і пагутарыў зь імі, паціснуўшы на разьвітаньне руку. Гэта стала адзіным інцындэнтам за дзень.
А сёмай прыехаў сьпявак Пятро Клюеў з апаратурай, выканаў свае песьні і пажадаў абаронцам цярпеньня і сілы для далейшага змаганьня.
На 20.00. заплянаваны прагляд дакумэнтальнага фільму «Дарога праз Курапаты». Актывісты расьцягнулі белае палатно проста на плоце і ўключылі праектар.
«Зацішша перад бурай» — усьміхаюцца абаронцы ў чаканьні раніцы. Яны рыхтуюцца да супраціву будаўнікам, у выпадку, калі працы ў Курапатах адновяцца.