Прэсавы сакратар менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі абверг зьвесткі некаторых мэдыяў пра тое, што нібыта заведзеная крымінальная справа паводле заявы кіраўніцтва таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» аб нанясеньні маёмасьці арганізацыі стратаў з боку грамадзкіх актывістаў.
«Так, кіраўніцтва гэтага ТАА „Белрэканструкцыя“ зьвярнулася з заявай аб нанясеньні стратаў іх маёмасьці. Гэтак разумею, што гаворка ідзе пра плот, якім абнесеная будоўля. Так, па гэтым факце праводзіцца праверка ў Савецкім РУУС, але крымінальная справа не заводзілася. Тое, што кіраўніцтва арганізацыі кажа пра крымінальную справу — як я разумею, магчыма, гэта з прычыны невалоданьня юрыдычнымі дэталямі. Першапачатковыя праверачныя мерапрыемствы ўжо праведзеныя, туды выяжджалі супрацоўнікі, аглядалі, што здарылася. Але праверка працягваецца. Яна даручаная Савецкаму РУУС», — сказаў Аляксандар Ластоўскі.
У прэсавай службе Сьледчага камітэту пра завядзеньне крымінальнай справы супроць актывістаў, якія бароняць Курапаты, нічога не паведамілі. «Крымінальная справа? Ня ведаем. Дайце час для высьвятленьня», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў СК.
Паводле БелаПАН, пра завядзеньне крымінальнай справы супроць абаронцаў Курапатаў паведаміў дырэктар «Белрэканструкцыі» Сяргей Несьцераў. Нібыта справу завялі яшчэ 21 лютага. Арганізацыя, якая вядзе будаўніцтва, заявіла пра нанясеньне ёй стратаў у «вялікім памеры».