... — Ты забіты! Падай! Падай!
Воўка хістаецца, чапляецца за рыштаваньне на другім паверсе будоўлі, аддзірае дошку і разам зь ёю нязграбна чмякаецца на кучу пяску... Я радасна падскокваю да яго. І раптам заўважаю, як з-пад скроні па шчацэ цячэ кроў. Вочы заплюшчаны, ня рухаецца. Адкідваю драўлянае ружжо, штурхаю ў грудзі: «Уставай! Уставай!»
1947 год, нам па шэсць, мы гуляем у вайну. Колькі моцы, трасу яго за плячо. Ён адплюшчвае вочы: «Я ж забіты...»
Праз дваццаць гадоў Воўка памёр. Рак. Але і сёньня бачу, як па ягоным твары цячэ кроў — кроў айчыннай гісторыі.
І штурхаю яго ў грудзі, трасу за плячо: «Уставай!»
Сяргей Ваганаў
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org