Актывісты «Маладога Фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам працягнулі трымаць вахту на месцы будоўлі офіснага цэнтру ля мэмарыяльнага комплексу Курапаты — месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
За няпоўны дзень адбылося тры сутычкі актывістаў з будаўнікамі, кажа лідэр Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. На месцы падзеяў таксама прысутнічае лідэр БНФ Аляксей Янукевіч, тэрмас з гарбатай актывістам прыносіў блогер Эдуард Пальчыс, таксама актывістаў паілі гарбатай мясцовыя жыхары.
У адной з боек пабілі ініцыятара варты Зьмітра Дашкевіча. У час бойкі да будоўлі пад’ехала машына міліцыі, але разьвярнулася і зьехала, перадае карэспандэнт Свабоды. Затрыманьняў ці спробаў спыніць сутычку не было.
Будаўнікі зьнялі намёт, у якім плянавалі трымаць варту актывісты, выкінулі яго. Але актывісты абяцаюць стаяць да ночы, пакуль ім ня прыйдуць на зьмену іншыя.
«Калі мы спачатку выставілі намёт, рабочыя сябе вельмі няўпэўнена паводзілі, — кажа Зьміцер Дашкевіч. — Потым сюды прыехала дадатковая брыгада, чалавек 10–15, выклікалі зь нейкага іншага аб’екта, каб тут хуценька пачаць працаваць, бо такая затрымка адбылася. Тыя ўжо пачалі паводзіць сябе больш агрэсіўна: начальства загадала, каб былі нейкія вынікі працы, інакш яны не атрымаюць заробкаў. І яны пачалі тут нейкія бойкі чыніць».
На Зьмітра Дашкевіча і яшчэ двух актывістаў склалі адміністратыўныя пратаколы.
Дашкевіч у Курапатах: «Калі сёньня зьнясуць намёт, заўтра ён будзе выстаўлены яшчэ раз»
Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).