Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу замежнікаў скарысталіся бязьвізавым уездам у Беларусь за першы тыдзень


Ад 12 лютага, калі ўступіў у сілу бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія ўяжджаюць у Беларусь на тэрмін да пяці дзён праз Нацыянальны аэрапорт у Менску, Беларусь наведалі 1108 турыстаў з 46 краін.

Гэтыя дадзеныя прыводзіць сёньня БЕЛТА.

Найбольшую цікавасьць да Беларусі праяўляюць жыхары Нямеччыны (176 чалавек), Польшчы (163), Італіі (112).

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык у размове са Свабодай назваў такі пачатак «безумоўна пазытыўным»:

«Люты — традыцыйна месяц, калі беларускія замежныя ўстановы выдаюць найменшую колькасьць візаў. Пра гэта я магу сказаць і як былы консульскі супрацоўнік. З майго ўласнага досьведу працы ў Нямеччыне і Італіі, а грамадзяне гэтых краін у першых радках тых, хто скарыстаўся новай магчымасьцю, у лютым заўжды існавала найніжэйшая актыўнасьць у атрыманьні ўязных беларускіх візаў.

А гэта азначае, што колькасьць наведнікаў нашай краіны на новых умовах будзе толькі нарастаць. Бо тыя, хто ўжо наведаў паводле новых правілаў Беларусь, будуць спрыяць распаўсюджаньню такой інфармацыі. Думаю, што нашы турыстычныя ды іншыя арганізацыі, якія зацікаўленыя ў прыцягненьні замежнікаў, будуць іх актыўней прыцягваць да наведваньня Беларусі».

Першы крок у кірунку паслабленьня візавага рэжыму быў зроблены 23 жніўня 2016 году, калі быў падпісаны ўказ аб бязьвізавым рэжыме для наведнікаў парку «Аўгустоўскі канал». Ім таксама дазволілі наведваць Горадню. Як паведаміў учора партал DELFI, «жыхары Літвы масава карыстаюцца магчымасьцю наведаць Горадню, якая ў свой час знаходзілася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага».

Дырэктарка кампаніі «Kelionių Laikas» Ілона Ёзэнене адзначае, што літоўцаў цікавяць туры ў Беларусь. Яна абвергла міт, быццам літоўцы едуць у Беларусь на закупы:

«Няма там такога, што нашмат таньней, чым у нас. На закупы едуць у Польшчу. А Горадня цікавая тым, што за выходны дзень тут можна ўбачыць тое, чаго яшчэ ня бачыў. Асабліва гэта цікава моладзі, а людзі старэйшага ўзросту хочуць убачыць, што там зьмянілася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG