Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа падоўжыць тэрмін бязьвізавага ўезду замежнікаў да двух тыдняў


Пра такую магчымасьць заявіў сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Ён выказаў меркаваньне, што падоўжаны тэрмін знаходжаньня замежнікаў будзе стымуляваць наведваньне імі Беларусі ў лячэбных мэтах:

«Санаторна-курортнае лячэньне — разыначка Беларусі. Стандартны тэрмін знаходжаньня ў санаторыі — 12 або 24 дні. Таму лягічным крокам будзе павелічэньне тэрмінаў бязьвізавага ўезду да 12 дзён ці 14 дзён — гэта значыць, на два тыдні. Але пакуль гаварыць пра гэта рана», — сказаў спадар Мірончык.

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

Афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства патлумачыў, чаму цяпер тэрмін наведваньня Беларусі абмежаваны пяцьцю днямі. Паводле Дзьмітрыя Мірончыка, беларускія ўлады мелі на мэце пазбавіць замежнікаў дадатковых клопатаў пасьля праходжаньня пашпартнага кантролю ў нацыянальным аэрапорце. Аднак дзейныя законы дазваляюць замежнікам заставацца ў Беларусі без дадатковых фармальнасьцяў толькі 5 дзён. А калі б зьявілася неабходнасьць у больш працяглым тэрміне бязьвізавага знаходжаньня, спатрэбілася б мяняць заканадаўства. Да гэтага працэсу давялося б прыцягваць парлямэнт, і таму рашэньне не было б прынятае так апэратыўна.

«А рашэньне па бязьвізавым рэжыме ўжо насьпела. Таму мы вырашылі зрабіць пакуль паўкрока, дзеля таго каб ацаніць эфэкт ад рашэньня», — сказаў прадстаўнік МЗС.

Як дадаў Дзьмітры Мірончык, пасьля таго як будзе прааналізаваны эканамічны эфэкт, попыт на паездкі, сытуацыя ў праваахоўнай сфэры і іншыя фактары, можа быць прынятае рашэньне аб далейшым удасканаленьні рэжыму бязьвізавага ўезду і аб працягненьні яго тэрмінаў.

5-дзённы бязьвізавы рэжым пачаў дзейнічаць 12 лютага. Ён прадугледжвае бязьвізавы ўезд у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» на тэрмін да 5 сутак для грамадзян 80 краін. Бязьвізавы рэжым распаўсюджваецца на 39 краін Эўропы, а таксама ЗША, Канаду, Інданэзію, Японію, Індыю і іншыя дзяржавы. На працягу году турысты могуць прыяжджаць у Беларусь бязь візы на пяць дзён неабмежаваную колькасьць разоў.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі сказаў, што рашэньне беларускіх уладаў атрымала станоўчую ацэнку дыпляматаў шэрагу краінаў, а таксама карыстальнікаў сацыяльных сетак.

На сёньняшні дзень найбольшую актыўнасьць у наведваньні Беларусі праявілі грамадзяне Нямеччыны, Польшчы, Італіі. Нечакана на чацьвёртае месца выйшлі літоўцы, якія раней прыяжджалі ў Беларусь амаль выключна наземным транспартам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG