Паводле зьвестак кампаніі Global Blue Lietuva аб вяртаньні падатку на дабаўленую вартасьць, беларусы трацілі ў Літве ў 2016 годзе ў сярэднім 152 эўра, перадае літоўскае Delfi.
Гэта на 5% меней, чым у 2015 годзе.
Абсалютная большасьць выдаткаў беларусаў у Літве прыпадае на Вільню: 89%. На другім месцы Клайпеда, што на беразе Балтыйскага мора (7%), на трэцім — Коўна, што ў цэнтры краіны (3%).
Беларусы і расейцы вяртаюць найбольш ПДВ у параўнаньні з грамадзянамі іншых краінаў, але выдаткі на пакупкі з кожным годам скарачаюцца. Усяго замежныя турысты ў Літве за 2016 год патрацілі на 11% меней, чым у 2015 годзе.
«Мы заўважылі, што часам у адной краме робяць пакупкі на невялікія сумы некалькі чальцоў сям’і, і мы зьвязваем гэта зь дзейным у Беларусі абмежаваньнем для турыстаў, якія езьдзяць за мяжу часьцей за адзін раз на месяц. Ім за тавары, кошт якіх перавышае 300 эўра, даводзіцца плаціць падатак на імпарт», — адзначае мэнэджэрка праектаў Global Blue Lietuva Лінета Навіцкайце.
Новыя мытныя правілы: што трэба ведаць пра мыта і тэрміны
«Літоўскія» 152 эўра (каля 161 даляра) прыкметна меншыя за «польскія» 232 даляры (каля 218 эўра) беларускіх турыстаў. Прычым выдаткі беларусаў у Польшчы, наадварот, вырасьлі на 11% за год, хоць колькасьць паездак беларусаў у Польшчу зьменшылася на 7,3%.