Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніка нямецкай мовы ў Расеі хочуць пасадзіць за вершы пра Ўкраіну


Аляксандр Быўшаў жыве ў маленькім пасёлку Кромы Арлоўскай вобласьці.

Тут таксама жывуць яго састарэлыя бацькі, за якімі ён даглядае. Шмат у чым якраз таму, кажа Аляксандр, зьехаць з Расеі ён ня можа, нягледзячы на тое, што ў яго не засталося ні працы, ні сяброў. У школе, дзе ён выкладаў нямецкую мову, суд забараніў яму працаваць яшчэ паўтара году таму, калі Быўшава прызналі экстрэмістам, таксама за вершы. Абараніць яго ў горадзе няма каму: гаварыць пра Быўшава адмовіліся ўсе, ад яго суседзяў і былых калег да звычайных мінакоў.

«Людзі быццам бы ўжо сталі адтаваць да мяне, але калі гаворка зайшла аб новай справе, усё вярнулася на кругі свая, — распавядае Аляксандр. — Цяпер, напрыклад, калі я зноў застаўся без кампутара, узяць яго напракат мне проста немагчыма. І з працай зусім дрэнна».

Першы раз Аляксандра асудзілі па артыкуле аб экстрэмізьме за верш, які ён напісаў вясной 2014 году. У ім ён распавядае аб анэксіі Крыму і расейскай палітыцы на паўднёвым усходзе Украіны. За палітычныя рыфмы Аляксандр правёў 300 гадзін на грамадзкай працы, прыбіраючы гарадзкія памыйніцы. Але пісаць не перастаў. Паводле ягоных словаў, так ён выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю.

Чытаць верш у эфіры Быўшаў ня стаў: баіцца наступстваў. Вось адно з чатырохрадкоўяў:

«Прав был Мыкола Гоголь: эти свиные рыла
Русь захватили „Святую“ спереди, с флангов и тыла.
В месте на букву „ж“ засели уже глубоко.
Здесь прописались навечно Шариковы и Ко...»


Цяпер супраць Аляксандра зноў распачалі крымінальную справу па артыкуле «экстрэмізм» і зноў прыйшлі зь ператрусам, як і тры гады таму. Сьледчым зноў не спадабаліся вершы Быўшава пра Ўкраіну, якія ён апублікаваў на сваёй старонцы ў сеціве.

«Верш быў апублікаваны ў замежных СМІ яшчэ два гады таму: гэта быў свайго роду палемічны адказ на аднайменны верш Бродзкага, — тлумачыць Аляксандр. — Толькі Бродзкі напісаў яго з пункту гледжаньня імпэрскасьці расейскага шавінізму. У мяне была спрэчка зь вялікім клясыкам, у якой я вырашыў падтрымаць Украіну».

За праўкраінскія вершы ў яго доме двойчы білі шкло. Аляксандр лічыць, што хацелі пацэліць ва ўкраінскі сьцяжок, які вісіць у яго на фортцы. Адзін з камянёў ледзь ня трапіў у ягоную маці, якая спала ў пакоі.

«Падзеі ва Ўкраіне паказалі, наколькі нездаровае наша грамадзтва, — кажа Аляксандр. — Я так разумею, што само слова «Украіна» выклікае алергію ў нашай улады. І таму трэцяя справа супраць мяне заводзіцца за верш, у якім ёсьць слова «Ўкраіна».

З новай крымінальнай справай Быўшаву зноў пачалі дасылаць лісты з пагрозамі як «здрадніку радзімы», «вычварэнцу» і «фашысту».

«Вось гэты ліст прыйшоў з Яраслаўскай вобласьці, — паказвае Аляксандр. — У ім цікавая цытата: „Прысуд, сука, будзе вельмі суровым, і выслухаеш ты яго, стоячы перада мной на каленях, і будзеш жэрці ўласнае лайно. А потым зь цябе зьдзяруць скуру і ты ўведаеш пекла пры жыцьці. І сьвет жахнецца, даведаўшыся пра гэта“. Ну і далей усё ў такім самым стылі».

Быўшаў ня хоча прагназаваць, якім пакараньнем скончыцца для яго новая крымінальная справа. Максымум, які яму пагражае, — 5 гадоў турмы: столькі, колькі і ў мінулы раз.

Адвакат Аляксандра Быўшава кажа, што складана прадказаць, як у гэты раз павядзе сябе суд. Але, на яго думку, давесьці да суду справу аб вершах — для сыстэмы справа прынцыпу.

«Гэта ўжо трэці ператрус у майго кліента, і ў яго кожны раз адбіраюць кампутар, не даюць выходзіць у сеціва і выказваць свой пункт гледжаньня і пазыцыю, — кажа Ўладзімір Сучкоў, адвакат Арлоўскай абласной калегіі адвакатаў. — Я мяркую, што так не зусім правільна паступаць у дэмакратычнай прававой дзяржаве».

Хоць у яго адабралі кампутар, Быўшаў працягвае пісаць вершы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG