Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забытыя героі»: Ігар Мельнікаў напісаў кнігу пра беларусаў у арміі Андэрса


Вокладка кнігі «Забытыя героі. Жаўнеры зь Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе»
Вокладка кнігі «Забытыя героі. Жаўнеры зь Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе»

Кніга «Забытыя героі. Жаўнеры зь Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе» будзе прэзэнтаваная 14 лютага а 18:30 у менскім клюбе «Імагуру» на вуліцы Фабрыцыюса, 4. Уваход вольны.

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў анансаваў прэзэнтацыю сваёй новай кнігі, прысьвечанай гісторыям звычайных беларускіх жаўнераў польскага войска, якія ў час Другой сусьветнай вайны бралі ўдзел у бітве пад Монтэ-Касіна ў Італіі і апэрацыі «Маркет-Гардэн» у Нідэрляндах.

Мельнікаў кажа Свабодзе, што ў кнізе сабраныя менавіта новыя факты: гісторыі людзей, пра якіх ніхто нічога ня ведаў:

«Гэта гісторыі беларусаў, якія воляй лёсу аказаліся на Брытанскіх астравах, якія загінулі падчас тых апэрацыяў, пахаваныя за мяжой. Там шануюць гэтых польскіх жаўнераў, а ў нас пра гэтых людзей ніхто нічога ня ведае. А гэтая старонка гісторыі важная, пра яе варта гаварыць», — кажа гісторык.

Так мог выглядаць беларускі баец 1-й польскай асобнай паверана-дэсантнай брыгады ўзімку 1943 году. На фота Ігар Мельнікаў у рэканструкцыі формы
Так мог выглядаць беларускі баец 1-й польскай асобнай паверана-дэсантнай брыгады ўзімку 1943 году. На фота Ігар Мельнікаў у рэканструкцыі формы

У складзе польскіх войскаў служылі дзясяткі тысяч беларусаў, але ў савецкія часы яны былі забытыя, многія да канца жыцьця не атрымалі статусу ўдзельніка Вялікай айчыннай вайны, бо біліся ў рамках Другой усясьветнай. Шмат хто быў рэпрэсаваны, высланы ў Сыбір. Толькі цяпер вяртаецца памяць пра іх:

«Летась з дапамогай польскай амбасады мне ўдалося правесьці тры гучныя выставы ў галоўных музэях краіны пра беларусаў у польскім войску: у Нацыянальным гістарычным музэі, Музэі гісторыі Вялікай айчыннай вайны і Музэі абароны Берасьцейскай крэпасьці. Калі былі адкрыцьці, быў аншляг, людзей вельмі шмат прыходзіла. І гэта паказала і адміністрацыям музэяў, і чыноўнікам, што гэта не палітычная тэма, а важная старонка Другой усясьветнай вайны.

Ніякага супраціву не было, ва ўсіх выпадках былі толькі за: былі міністры, былі ідэолягі... І ўсе падкрэсьлівалі, як шкада, што гэтыя старонкі гісторыі замоўчваліся, і 1939 год, і 1944 год, але трэба пра гэта згадваць як мага больш. І вось нядаўні выпадак: калі брытанская амбасада запрасіла дудароў на адкрыцьцё кніжнага кірмашу, амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб падкрэсьлівала, што гэтыя дудары — з Другога ірляндзкага палку, які ў тым ліку ўдзельнічаў у Бітве пад Монтэ-Касіна, дзе брытанцы поплеч зь беларусамі змагаліся з нацыстамі. Гэта важна, што яшчэ раз быў падкрэсьлены гэты момант, што часьцей гэтая старонка гісторыі гучыць у дзяржаўных установах».

«Трафэі» Мельнікава
«Трафэі» Мельнікава

Як і іншыя кнігі Мельнікава, «Забытыя героі» мусяць натхніць людзей на цікавасьць да сваёй гісторыі, да гісторыі родзічаў. Кніга адрасаваная не спэцыялістам, а менавіта шырокаму колу чытачоў. Кнігі, выставы і нават інтэрвію, кажа Мельнікаў, дапамагаюць зьбіраць зьвесткі: хоць саміх «заходніх» вэтэранаў амаль не засталося, але да яго зьвяртаюцца іхныя нашчадкі. Людзі нават тэлефануюць у газэты і тэлеканалы, пытаюць пра «таго гісторыка», перадаюць яму гісторыі сваякоў, іхныя здымкі і рэчы, нават сямейныя рэліквіі.

«Забытыя героі» — шостая кніга Мельнікава. Усе папярэднія ягоныя кнігі так ці іначай закраналі старонкі беларускай гісторыі Другой усясьветнай вайны, праз кожную зь іх праходзіць «гісторыя звычайнага беларускага жаўнера, які прайшоў усе выпрабаваньні і перамог вялікага ворага».

«Заходнебеларуская Атлянтыда»:

Кніга выдаецца накладам 300 асобнікаў — «на колькі хапае сродкаў». Але, кажа Мельнікаў, калі будзе попыт, будзе дадрукаваная неабходная колькасьць. Да таго ж Мельнікаў задумаў выставу, прысьвечаную апэрацыі «Маркет-Гардэн» — упершыню беларусы змогуць пабачыць на выставе, як выглядалі беларусы ў той бітве і супраць каго яны змагаліся.

На будучай выставе Мельнікаў думае паказаць у каляровых здымках уніформу 2-га польскага корпусу і 1-й польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады (другая, з калекцыі Мельнікава, — на фота)
На будучай выставе Мельнікаў думае паказаць у каляровых здымках уніформу 2-га польскага корпусу і 1-й польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады (другая, з калекцыі Мельнікава, — на фота)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG