Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала заяву пра тое, што цяпер праводзіцца шэраг праверак «па дзеяньнях, якія зьмяшчаюць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 249 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь ( „Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта“)».
У заяве гаворыцца, што МУС Беларусі «мае дадзеныя аб тым, што асобныя службовыя асобы Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расійскай Фэдэрацыі (Рассельгаснагляд) у інтарэсах, не зьвязаных зь іх прафэсійнай дзейнасьцю, без наяўнасьці дастатковых падстаў і ў парушэньне нормаў міжнароднага права абмяжоўвалі магчымасьць рэалізацыі беларускай прадукцыі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, а таксама ажыцьцяўлялі распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе айчынных вытворцаў».
Як прыклад, пішацца пра тое, што згодна з рашэньнямі Рассельгаснагляду толькі ў Менскай вобласці абмяжоўваліся пастаўкі з 96 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прамыя страты якіх склалі больш за 5 мільёнаў рублёў.
«Па кожным матэрыяле будзе праведзена пільнае разбіральніцтва, а сабраныя доказы перададзеныя ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь для дачы прававой ацэнкі,» — гаворыцца ў заяве.
Прадстаўнікі Рассельгаснагляду ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода адмовіліся камэнтаваць заяву беларускага МУС.
На прэс-канфэрэнцыі 3 лютага Аляксандар Лукашэнка прапанаваў распачаць супраць кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта крымінальную справу за перашкоды пастаўкам беларускіх харчоў.
«Ведаеце, рознага кшталту данкверты... Нам трэба вывучыць гэтае пытаньне, Ігар Анатолевіч [Шуневіч], і распачаць крымінальную справу, як некалі па Керымаву і Баўмгэртнэру. За нанясеньне ўрону дзяржаве. Распачаць крымінальную справу, і мы яго дастанем. Калі ён пабудзе ў СІЗА, ён будзе даваць сабе справаздачу, што ён робіць».
У Крамлі ў сваю чаргу выказалі неўразуменьне заявам пра крымінальны перасьлед Данкверта.
У той жа дзень было абвешчана, што Рассельгаснагляд з 6 лютага ўводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці.
Артыкул 249. Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта
Распаўсюд індывідуальным прадпрымальнікам або службовай асобай юрыдычнай асобы ў рэкляме, сродках масавай інфармацыі і іншым спосабам заведама непраўдзівых зьвестак, якiя наносяць шкоду дзелавой рэпутацыі канкурэнта, — караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў.