Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бакі павінны закапаць сякеру вайны». Эколягі падводзяць вынікі канфлікту вакол Котаўкі


Пратэст супраць вырубкі дрэваў у Котаўцы ў сьнежні 2016 году
Пратэст супраць вырубкі дрэваў у Котаўцы ў сьнежні 2016 году

Касьцёлу ў Котаўцы будаваць ня будуць, але эколягі не сьпяшаюцца ставіць кропкі ў гісторыі зь менскім сквэрам.

3 лютага стала вядома, што касьцёла ў менскім сквэры Котаўка ня будзе. Каталікам прапанавалі новы пляц, і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч гэтую прапанову зацьвердзіў.

Каардынатар прававой службы экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна кажа: мясцовыя жыхары задаволеныя, што касьцёла ў Котаўцы ня будзе.

«Рашэньне ў выніку было прынятае такое, якое задавальняе і мясцовых жыхароў, і эколягаў, і католікам была выдзелена альтэрнатыўная пляцоўка. На дадзены момант праект дэталёвага плянаваньня яшчэ канчаткова не зацьверджаны, таму канчаткова яшчэ не зразумелы статус той тэрыторыі, што была выдзелена пад будоўлю касьцёла. Так, мы ведаем, што забудоўшчыкі прапанавалі альтэрнатыўную пляцоўку, але мы ня ведаем, наколькі ў будучым абаронены сквэр ад забудовы нейкім іншым аб’ектам. Цяпер мясцовыя жыхары разам з эколягамі распрацоўваюць ідэі, як добраўпарадкаваць сквэр і зрабіць яго такім, якім яны хочуць яго бачыць. Таму ў пляне добраўпарадкаваньня гісторыя з Котаўкай ня скончана», — сказала Марына Дубіна ў інтэрвію Свабодзе.

Вядома, што новы пляц пад касьцёл будзе на вуліцы Някрасава, але дакладных ягоных межаў эколягі пакуль ня ведаюць.

«Дакумэнтаў мы ня бачылі. Я магу толькі выказаць здагадку, што гаворка ідзе пра пляцоўку на Някрасава, дзе некалькі гадоў таму зьбіраліся будаваць спартовы комплекс. Участак быў агароджаны, тэрыторыя была зачышчана, але забудоўшчык ня змог пачаць будаўніцтва. Гэта ўчастак ля парку Дружбы народаў, але гэтая тэрыторыя была выведзена зь зялёнай зоны», — кажа Марына Дубіна.

Прадстаўніца «Зялёнай сеткі», эколяг Тацяна Новікава лічыць перанос будоўлі касьцёла ў іншае месца перамогай грамадзянскай супольнасьці. Альтэрнатыўны ўчастак на Някрасава яна лічыць прымальным з пункту гледжаньня экалёгіі.

Тацяна Новікава
Тацяна Новікава

«Гэта ўчастак бяз дрэў, наколькі я ведаю. У „зялёных“ няма ніякіх да яго прэтэнзіяў, думаю, што і ў мясцовых іх ня будзе. Адзіная праблема — гэта тое, што ўчастак на Някрасава большы, чым быў у Котаўцы, і тое, што каталіцкай парафіі прыйдзецца адшукваць дадатковыя сродкі на прывязку праекту да новага месца. Праблему гэтую можна вырашыць у сілу таго, што гэта невялікія сродкі. Улічваючы тое, што выпадак вельмі рэзанансны, а касьцёл усё ж пагадзіўся на новы ўчастак, можна было б паспрабаваць разам сабраць сродкі на гэта. У мяне асабіста была думка, якая гучала раней у эколягаў (не ўва ўсіх, вядома), што можна паспрабаваць у дапамогу касьцёлу сабраць патрэбныя сродкі, для гэтага ёсьць адпаведныя плятформы ў інтэрнэце. Але для гэтага неабходна, каб царква пайшла на нармальны дыялёг, патрэбна размова з эколягамі і мясцовымі, каб яны супрацоўнічаць пачалі. Ня ўпэўненая, што цяпер гэта магчыма, але гэта неабходна. Бакі павінны закапаць сякеру вайны пад падмуркам будучага храма на новым месцы і разам будаваць касьцёл і дапамагаць захоўваць паркі і сквэры, якіх у Менску не засталося», — кажа яна.

На думку Новікавай, з гісторыі з забудовай Котаўкі адпаведныя высновы трэба зрабіць і касьцёлу, і ўладам.

«Высновы такія — трэба навучыцца дамаўляцца і быць аптымістамі. Такія канфлікты і такія будоўлі нікому не патрэбныя, і яны нікому не прыносяць карысьці. Супрацьстаяньне першапачаткова ўвайшло ў піке з прычыны няверы каталіцкай парафіі ў тое, што яны змогуць атрымаць новы ўчастак. Цяпер, калі бакі зробяць правільныя высновы і ўсё ж знойдуць магчымасьць супрацоўніцтва, дыялёгу, то гэта будзе вырашэньнем тых рэшткавых праблем, якія набраліся ў бакоў — увогуле ж гэтыя два бакі большае абʼядноўвае, чым разьядноўвае. Ці трэба нагадваць пра тое, што каталіцкая царква — адзіная, у каго ёсьць энцыкліка па навакольным асяродзьдзі? Таму ёй не ваяваць, а супрацоўнічаць з эколягамі трэба будзе ў любым выпадку», — мяркуе эколяг.

Ксёндз па сувязях з грамадзкасьцю Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Юры Санько пацьвердзіў Свабодзе, што касьцёлу быў прапанованы альтэрнатыўны ўчастак на Някрасава і касьцёл пагадзіўся на яго.

Юры Санько
Юры Санько

Але ад ацэнак сытуацыі ксёндз Юры Санько ўстрымаўся. Ён таксама не змог паведаміць, ці панясе касьцёл страты ад пераноса месца забудовы. «Я не магу даваць афіцыйныя камэнтары, бо папераў (дакумэнты на атрыманьня ўчастку на Някрасава — РС) на руках пакуль няма», — патлумачыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG