Выпадкова стаў сьведкам размовы.
Малы гадоў пяці просіць купіць цукеркі, якія яму спадабаліся. Бацька тлумачыць, што гэтыя цукеркі дарагія, і лепей на тыя самыя грошы купіць штосьці больш патрэбнае. А маці заўважае:
— Будзем мы старыя, працаваць ужо не будзем, захочацца нам салодкага, давядзецца папрасіць сына, каб ён нам купіў. А ён скажа, што цукеркі ня танныя. і, наогул, яму на іншае грошы патрэбны.
Хлопчык заціх, уважліва прыслухоўваючыся да маці. Потым нечакана сказаў:
— Я вам найлепшыя цукеркі куплю! і ня буду казаць, колькі яны каштуюць. Куплю, чаго толькі пажадаеце!
Бацькі засьмяяліся. і купілі малому цукеркі.
Марат Баскін
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org