Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойца беларускі Лізы падаў апэляцыю на пажыцьцёвы прысуд. Пачынаецца новы разгляд


Акруговы суд Варшавы, вынясеньне выраку Дорыяну С., 17 студзеня 2025 году
Акруговы суд Варшавы, вынясеньне выраку Дорыяну С., 17 студзеня 2025 году

Суд у Варшаве разгледзіць апэляцыю ў справе забойцы беларускі Лізы Дорыяна С. 28 кастрычніка. У студзені яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне за згвалтаваньне і забойства, аднак абарона пасьля абвяшчэньня прысуду падала апэляцыю.

Суд разглядае апэляцыю Дорыяна С., бо абарона спрабуе давесьці, што абвінавачваны быў недастаткова старанна дасьледаваны на прадмет прытомнасьці, а працэс нібыта прайшоў занадта хутка — прысуд вынесьлі менш чым праз год пасьля забойства, піша Белсат.

Пры вынясеньні прысуду ў студзені 2025 году суд прыйшоў да высновы, што Дорыян С. дзейнічаў спакойна і разважліва — пасьля зьдзяйсьненьня злачынства адышоў упэўнена, забраўшы толькі каштоўныя рэчы Лізы. Дорыян С. прызнаў сябе вінаватым, але заявіў, што не хацеў забіваць Лізу.

Тым ня менш прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба паведаміў «Белсату» пасьля суду ў студзені, што вырак Акруговага суду Варшавы не канчатковы.

«Калі будзе пададзеная апэляцыя, тады прысуд стане канчатковым пасьля таго, як апэляцыя будзе разгледжаная, а вышэйшы суд зацьвердзіць прысуд».

Напад на беларуску Лізу адбыўся ў цэнтры Варшавы ў ноч на 25 лютага 2024 году на вуліцы Журавей. Дорыян С. пацьвердзіў вэрсію сьледзтва — ён згвалціў дзяўчыну і спрабаваў яе задушыць. Затым ён проста кінуў Лізу без прытомнасьці на вуліцы, забраўшы яе банкаўскія карткі і тэлефон.

Раніцай дзяўчыну знайшоў вартаўнік, які выклікаў хуткую дапамогу і паліцыю. Лізу шпіталізавалі ў крытычным стане, праз шэсьць дзён яна памерла.

Амаль адразу пасьля нападу быў затрыманы Дорыян С., якому на той момант было 23 гады. У ягонай кватэры знайшлі балаклаву і нож, якія ён выкарыстаў пры нападзе на Лізу, а таксама скрадзеныя ў яе рэчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG