Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры краінаў сьвету выказаліся супраць указу Трампа аб часовай забароне на ўезд уцекачоў


Дональд Трамп падпісвае ўказ аб часовай забароне на ўезд уцекачоў. 27 студзеня 2017 году
Дональд Трамп падпісвае ўказ аб часовай забароне на ўезд уцекачоў. 27 студзеня 2017 году

Кіраўнікі Нямеччыны і Канады не пагадзіліся з падыходам Трампа, брытанскага прэм’ера крытыкуюць за пазыцыю неўмяшаньня.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», зьявіліся першыя міжнародныя водгукі на ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра часовую забарону на ўезд уцекачоў і грамадзян сямі краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.

Указ забараняе ўезд у ЗША жыхароў Іраку, Сырыі, Ірану, Судану, Лібіі, Самалі і Емэну цягам 90 дзён. Трамп таксама ўвёў пастаянную забарону на прыём уцекачоў з Сырыі і 120-дзённую забарону на прыём усіх астатніх уцекачоў.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ўезд у краіну павінен быць дазволены толькі людзям, якія падтрымліваюць ЗША. У прэзыдэнцкім указе згадваюцца працэдуры ідэнтыфікацыі і праверак, якія маюць ва ўсіх дэталях выконваць супрацоўнікі амэрыканскіх консульскіх службаў.

«Мы мусім зрабіць усё, каб не дапусьціць у краіну тыя самыя пагрозы, супраць якіх нашы салдаты змагаюцца за мяжой. Мы хочам пускаць да сябе толькі тых, хто будзе падтрымліваць нашу краіну і адчувае глыбокую любоў да нашага народу», — заявіў Трамп у час абвяшчэньня забароны.

Прадстаўнік канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель заявіў у нядзелю, што Мэркель «перакананая, што нават неабходная, рашучая барацьба з тэрарызмам не апраўдвае сытуацыі, калі пад агульным падазрэньнем аказваюцца людзі пэўнага паходжаньня або пэўнай рэлігіі».

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо напісаў у Twitter пра стаўленьне ягонай краіны да ўцекачоў:

«Тыя, хто хаваецца ад перасьледаў, тэрору і вайны! Канадцы будуць вітаць вас незалежна ад вашай веры. Нашая сіла — у разнастайнасьці. Сардэчна запрашаем у Канаду».

Тым часам прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй апынулася пад градам крытыкі з боку брытанскіх палітыкаў за тое, што яна не асудзіла ўведзенай Трампам забароны, калі сустракалася ў Анкары з прэзыдэнтам Турэччыны.

«Адказнасьць за палітыку Злучаных Штатаў у пытаньні пра ўцекачоў нясуць Злучаныя Штаты, — сказала яна, выступаючы ў Турэччыне. — Адказнасьць за палітыку Злучанага Каралеўства ў пытаньні аб уцекачах нясе Злучанае Каралеўства».

Плянуецца, што Трамп наведае Вялікую Брытанію пазьней сёлета, аднак брытанская дэпутатка Сара Уолстан заявіла, што амэрыканскага лідэра ня варта запрашаць выступаць у парлямэнце.

«Тыя, хто хочуць падлізацца да яго», могуць зрабіць гэта ў іншым месцы, дадала яна. Тым часам пэтыцыя супраць прыезду Трампа ў Вялікую Брытанію набрала на сайце брытанскага парлямэнту 900 тысяч подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG