Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён «дакладна створыць зоны бясьпекі ў Сырыі» для ўцекачоў, якія хаваюцца ад гвалту ў ахопленай вайной краіне. Ён таксама адзначыў, што сьвет стаў «злым» і ператварыўся «у поўны хаос».
У інтэрвію АВС News Трамп сказаў, што Эўропа зьдзейсьніла велізарную памылку, прыняўшы мільёны ўцекачоў з Сырыі і іншых «гарачых кропак» на Блізкім Усходзе. «Я не хачу, каб гэта здарылася тут», — сказаў ён.
«Я насамрэч ствару зоны бясьпекі для людзей у Сырыі», — дадаў ён, не паведамляючы дэталяў.
Згодна з дакумэнтам, да якога атрымала доступ агенцтва Reuters, Трамп, як чакаецца, у бліжэйшыя дні аддасьць распараджэньне Пэнтагону і Дзярждэпартамэнту распрацаваць плян па стварэньні «зонаў бясьпекі», што можа прывесьці да эскаляцыі вайсковага ўмяшаньня ЗША ў грамадзянскую вайну ў Сырыі.
Праект распараджэньня, які чакае подпісу Трампа, заклікае да стварэньня такіх зонаў бясьпекі «у Сырыі і навакольным рэгіёне». Дакумэнт ня ўтрымлівае падрабязнасьцяў пра тое, што будуць уяўляць сабой зоны бясьпекі, дзе менавіта яны могуць быць створаныя і хто будзе іх абараняць.
У адказ на заяву Трампа Крэмль заклікаў ЗША пралічыць наступствы арганізацыі зонаў бясьпекі для ўцекачоў у Сырыі, каб не пагоршыць сытуацыю.
«Важна, каб гэта не пагоршыла сытуацыю з уцекачамі, — падкрэсьліў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў. — Варта было б пралічыць усе магчымыя наступствы».
На пытаньне аб тым, ці раіліся ЗША з Расеяй перад тым, як заявіць пра такое рашэньне, Пяскоў адказаў адмоўна.
У інтэрвію Трамп зьвязаў уцекачоў, якія прыбываюць у ЗША, і Эўропу, з пагрозай тэрарызму. Ён паведаміў, што яго адміністрацыя будзе праводзіць дбайныя праверкі людзей, якія зьвяртаюцца з просьбамі аб атрыманьні статусу ўцекача ў ЗША.
Трамп не пагадзіўся з тым, што яго палітыка можа прывесьці да ўзмацненьня напружанасьці паміж ЗША і мусульманскім сьветам.
«Сьвет ужо такі, што больш злога не бывае, — сказаў ён. — Думаеце, з-за гэтага зла будзе крыху больш? Сьвет стаў злым. Мы ўвайшлі ў Ірак, хоць нам ня трэба было ўваходзіць у Ірак. Ня трэба было выходзіць адтуль так, як мы выйшлі. Сьвет ператварыўся ў поўны хаос».
Прэзыдэнт паўтарыў зробленыя раней заявы, што ЗША варта было захаваць кантроль над ірацкай нафтай пры выхадзе з краіны пасьля скіданьня Садама Гусэйна.
«Нам трэба было пакінуць сабе нафту, калі мы сыходзілі, — сказаў ён. — І ведаеце што: гэта вельмі цікава, але калі б мы пакінулі кантроль над нафтай, то „Ісламскай дзяржавы“ не было б, таму што яны жывуць за кошт гэтай нафты. Ад яе яны атрымліваюць грошы».
Прэзыдэнт выказаў расчараваньне ўмяшаньнем ЗША на Блізкім Усходзе.
«Паводле стану на месяц таму мы выдаткавалі 6 трыльёнаў даляраў на Блізкім Усходзе, — заявіў ён АВС News. — А ў сябе ў краіне мы ня можам дазволіць сабе пабудаваць школу ў Брукліне або школу ў Лос-Анжэлесе».
Дональд Трамп таксама заявіў, што «абсалютна» упэўнены, што ўжываньне імітацыі ўтапленьня было дзейсным мэтадам допытаў, і што ён разгледзіць магчымасьць выкарыстаньня яго ў якасьці меры вядзеньня допыту, калі з такой рэкамэндацыяй выступяць міністар абароны Джэймс Мэтыс і дырэктар ЦРУ Майк Пампэа.
«Я буду спадзявацца на Пампэа і Мэтыса і на маю групу, — сказаў ён. — Калі яны гэтага ня хочуць, ну і добра. Калі ж яны гэтага хочуць, я будуць працаваць у гэтым кірунку. Я хачу рабіць усё, што можна рабіць у рамках закону».