Сьнег сiвы пакрыў бярозку,
Што азябла ў сукні белай.
Надвор’е сёлета дэманструе капрызны характар. Лiстапад зьдзiвiў пухнатым сьнежным дываном, а сьнежаньскi дождж бязьлiтасна змыў усю гэтую прыгажосьць.
Але зiма не была б уладарнай, халоднай Каралевай, калi б ня вырашыла па-свойму. Сёньня сапраўдны студзеньскi сьнежны баль пад малочна-шэрым купалам неба. Як маленькiя дзяўчаткi ў навагоднiм карагодзе, танчаць, кружацца лёгкiя белыя пушынкi ў марознай прасторы.
Падаюць, падаюць на мае далонi iскрыстыя зорачкi, не падобныя адна на адну. Дзiўная зьява! Нават калi растаюць ад майго цяпла, не зьнiкаюць адразу, а ператвараюцца ў маленькiя дыямэнцікі.
Прырода дасканалая! Нягледзячы на яе капрызы.
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org.