Несвабода грамадзтва і грамадзянаў робіцца больш відавочнай менавіта ў сьвяты. Калі ў карагодзе штодзённай мітусьні яе яшчэ можна выдаць за асаблівасьці мэнталітэту, сэзонную дэпрэсію, вытворчую неабходнасьць, дык у вольныя часіны аніяк не схаваеш. Адразу бачна, што тутака не сьвяткуюць, нават пра такое слова забыліся, а праводзяць мерапрыяціе.
«Праграма мерапрыемстваў прысьвечаных сьвяткаваньню» — абвестку пад такой назваю вы сустрэнеце паўсюль у любы час. Сьвяткаваньню ня важна чаго, бо праграма тая незалежна ад нагоды ўключае чатыры асноўныя пункты: урачыстае шэсьце па галоўнай вуліцы горада, гуляньне ў мясцовым лесапарку пад папсовыя песьні суседняй дзяржавы ў выкананьні тутэйшай самадзейнасьці, кірмаш з абавязковым продажам заўсёдных рытуальных страваў: шашлыку, смажанкі, гарэлкі і, канешне, салюту.
Па-сутнасьці Дзень Перамогі ад Новага году нічым не адрозьніваецца.
Па сутнасьці Дзень Перамогі ад Новага году нічым не адрозьніваецца. Хіба што да Дня Перамогі салют ладзіць дзяржава на галоўнай плошчы, а пад Новы год па дварах ды завугольлях кожны дурань самастойна ў неба паліць, бо без салюту нязвычна. А так усё тое самае — і парад Дзедаў Марозаў (цікава, яны прыйшлі з вайны, ці на вайну зьбіраюцца), і кірмаш. Так паложана, бо мерапрыяціе...
Пад гэтым словам разумеюць любую кіраваную, добраахвотна-прымусовую дзейнасьць у будні і сьвяты па загадзя складзеным сцэнары: ці то збор макулятуры, ці то канцэрт з нагоды 8 сакавіка. Мерапрыяціе — і першаверасьнёўская лінейка ў школе, і завадзкі турзьлёт, і агульнагарадзкія каляды — звычайна пачынаецца з адкрыцьця. Праўда, на закрыцьцё, дзякуй Богу, часам забываюцца.
Галоўныя мэта мерапрыяція — спадабацца галоўным героям. Звычайна іх тры. Самы важны пузаты кіраўнік у строі з лысінаю, здольны блытаць націскі ў словах уласнага выступу самым неверагодным чынам. Дамачка ў сьветлым гарнітуры, прычоскаю памерам з цабэрак, прадстаўляе культуру і адукацыю, ці прафсаюз, пры любой нагодзе ўжывае моднае прыслоўе валніцельна і расчульваецца напаказ. Маладзён, які прамаўляе хаця й нудна, але затое доўга без памылак, сьмялейшы за аднагодкаў, можа нават зацяганы віншавальны вершык узгадаць. Асноўная роля ўсіх астатніх прысутных — пляскаць у ладкі, адпачываць па загадзе, пажадана, даседзець да канца імпрэзы.
На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў у мерапрыемствы ператварыліся нават колішнія сямейна-абрадавыя і каляндарныя народныя сьвяты.
Самае сумнае, што на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў у мерапрыемствы ператварыліся нават колішнія сямейна-абрадавыя і каляндарныя народныя сьвяты. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя былі яшчэ магчымыя нараканьні ў бок калядоўшчыкаў — «Чаго вы 6 студзеня прыйшлі, у нас так ня ходзяць!» — ды скаргі на супрацоўнікаў ЗАГСУ, што не дазволілі пад час рэгістрацыі шлюбу ручнік пад ногі паслаць. Цяпер такое ў галаву мала каму прыйдзе. Усё як паложана — зладжана і прыхарошана — мерапрыяціе.
Узгадваю вясёлую нязмушанасьць вясельляў 90-х. Хоць тады пра тамаду мала хто чуў, але нікому не было сумна. На кожнай бяседзе знаходзіўся гаваркі дасьціпны сват. Ён заклікаў узьнімаць чаркі, бліжэй да вечара, пасьля гучнага: «Першым разам бласлаўляем, другім разам бласлаўляем, трэцім разам — Бог блаславіць!» — запрашаў да караваю кожнага асабіста. Безь дзяльбы караваю не абыходзілася, традыцыі яшчэ шанавалі. На апошніх кавалках дзядзька, здаралася, памыляўся ў імёнах і ступенях сваяцтва, але ставіліся з разуменьнем, бо ён наліваў кожнаму яшчэ і па чарцы, сябе ня крыўдзіў таксама. Пажаданьні казалі, хто як умеў, скакалі, сьпявалі песьні, танчылі, знаёміліся. Было адразу бачна, чаго вартая новая радня. Кожная бяседа мела свой твар і пакідала непаўторныя ўспаміны.
А пасьля пачалося — плякаты на сьценах, уручэньне дыплёму мужа, дыплёму жонкі і адчуваньне прафсаюзнага сходу. Конкурсы, КэВэЗэшныя жарты, прыдатныя для падлеткаў на школьным ранішніку, але не для дарослых людзей на бяседзе. Загадка пра султанаву жонку, куляньне чаркі пад заклік-прымус: «Кто роділся в январе, вставай, вставай, вставай...» Як фільм па трэцім разе глядзіш. Сьпярша некаторыя бурчэлі паціху: «Ды дайце вы пагуляць нармальна!» Пасьля звыкліся — так, мусіць, трэба.
Дзе-нідзе сцэнар, вядома, быў больш разнастайны. Але ўсё роўна за нейкія дзесяць гадоў імпрэзы зьвяліся да стала з падарункамі пры ўваходзе, віншаваньняў старанна перапісаных і прачытаных з памылкамі, песьняў выключна пад караоке. Што юбілей, што вясельле — адна трасца!
Досыць ужо гэтай адрэдагаванасьці, апрацаванасьці па-за сьценамі афіцыйных установаў.
Звыклая працяглая несвабода, удзел у мерапрыемствах з трохгадовага ўзросту, а таксама кампутары з тэлефонамі здолелі нашкодзіць нават тым, хто імкнецца адрадзіць спадчыну: зладзіць Каляды або традыцыйнае вясельле. Здаецца, хочуць як найлепш: вывучаюць, рыхтуюцца. А ў выніку часам атрымліваецца сэмінар для культработнікаў ці агляд самадзейнасьці. Ну ня варта расьпісваць бяседу пахвілінна, перанасычаць яе абрадамі, неўласьцівымі для свайго роду і малой радзімы! Ненатуральна калядаваць у любы зімовы дзень, шматразова рэпэтаваць, а пасьля ў кожнай кватэры імкнуцца прасьпяваць і расказаць усё, што вывучыў, незалежна ад абставін і асобаў гаспадароў. Трохі запамятаваў калядку на першай хаце? Не бяды — на апошняй ад зубоў адскокваць будзе! Замяні словы, засьпявай іншую. Досыць ужо гэтай адрэдагаванасьці, апрацаванасьці па-за сьценамі афіцыйных установаў. Няхай мерапрыемствы застаюцца разам з тымі, хто за іх грошы атрымлівае!
Творчасьць, хай недасканалая, але свая ўласная, натуральная дасьціпнасьць, узьнёслы настрой. Незаплянаванага так не стае! Рог каляднай казы згублены ў сьнежным сумёце пад час жвавых скокаў, прапанова старэйшага дружкі на выкупе аддаць за нявесту апроч грошай, цукерак, шампанскага, яшчэ й самагонны апарат — менавіта такога кшталту неспадзяванкі расквечваюць жыцьцё, розьнячы сьвята ад мерапрыемства.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.