Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль узяліся лічбы пра «150 тысяч уцекачоў з Украіны ў Беларусі»? Тлумачыць агенцтва ў справах ўцекачоў ААН


Ілюстрацыйнае фота. Сям'я ўцекачоў з Луганску
Ілюстрацыйнае фота. Сям'я ўцекачоў з Луганску

У канцы лістапада выведная супольнасьць InformNapalm зьвярнула ўвагу на незвычайныя лічбы: Уладзімер Макей, Аляксандар Лукашэнка, амбасадар Беларусі ва Ўкраіне ды іншыя афіцыйныя асобы публічна заяўлялі, што ў Беларусі ажно 160 тысяч уцекачоў з Украіны.

Пры гэтым паводле афіцыйных зьвестак МУС Беларусі, у краіне 20-30 тысяч мігрантаў з Украіны і 1 уцякач, які атрымаў афіцыйны статус; яшчэ 1089 украінцаў атрымалі «дадатковую абарону».

Аўтар расьсьледаваньня прасачыў, што да заяў беларускіх афіцыйных асобаў прадстаўнік упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (UNHCR) Жан-Іў Бушардзі казаў пра 150 тысяч украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь у 2014-2015 гадах. У сьнежні 2014 году ў аглядзе UNHCR гаварылася са спасылкай на зьвесткі ад уладаў пра 59,6 тысячы ўкраінскіх перасяленцаў у Беларусі, у красавіку 2015-га — пра 80,9 тысячы, у верасьні 2015-га — пра 126,5 тысячы.

InformNapalm пабачыў у несупадзеньні лічбаў МУС і UNHCR наўмысныя маніпуляцыі лічбамі з боку апошняга — магчыма, у фінансавых інтарэсах. Свабода тады зьвярнулася ў UNHCR, але не атрымала апэратыўнага камэнтара. Як выявілася, UNHCR праводзіла ўнутраную праверку, пра вынікі якой паведаміла ў студзені.

Колькі ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі, невядома. 150 тысяч украінцаў зьвярталіся па від на жыхарства

UNHCR падкрэсьлівае, што ў ягоных справаздачах, як і ў заяве кіраўніка, гаварылася не пра колькасьць уцекачоў, а менавіта пра колькасьць украінцаў, якія прыбылі ў Беларусь у 2014-2015 гадах, калі пачаўся канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. 150 тысяч — сумарная кольскасьць тых, хто прасіў часовы від на жыхарства (на 3 месяцы, на 12 месяцаў) і пастаянны. Пра 160 тысяч менавіта ўцекачоў казалі толькі беларускія афіцыйныя асобы, UNHCR такіх зьвестак не агучвала і не перадавала беларускім уладам.

Сярод 150 тысяч украінцаў былі і тыя, хто прасіў дазвол на працу ці навучаньне проста таму, што хацеў працаваць ці вучыцца ў Беларусі (а не праз вайну), і тыя, хто прыяжджаў да родзічаў. Колькасьць тых, хто прыяжджаў у Беларусь з Украіны менавіта з прычыны вайны, невядомая. Як няма і зьвестак пра колькасьць людзей, якія перасеклі беларуска-расейскую мяжу.

Такія лічбы называліся, каб было на што арыентавацца, праз адсутнасьць лепшых зьвестак. UNHCR ня мае ад беларускай дзяржавы інфармацыі нават пра тое, колькі з тых 150 тысяч прыехалі з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, а колькі зь іншых, хоць украінцы пазначаюць папярэдняе месца пражываньня, калі просяць від на жыхарства ў Беларусі.

Грамадзянін Украіны можа знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі 30 дзён, пасьля можа аформіць часовае знаходжаньне на 3 месяцы без тлумачэньня прычынаў — проста таму, што грамадзянін Украіны мае такое права. Прасіць від на жыхарства на 12 месяцаў ці пастаянны ён можа на падставе працаўладкаваньня, а не на падставе ўцёкаў ад вайны. Такім чынам, украінцы могуць выбіраць для сябе больш прымальны спосаб атрымаць від на жыхарства і не абавязаныя даказваць, што ўцякаюць ад вайны.

Большасьць, асабліва тыя, хто атрымаў дазвол на пастаяннае пражываньне, не зацікаўленыя падаваць дакумэнты, каб стаць уцекачом афіцыйна.

«Мы праводзім рэгулярныя сустрэчы з украінцамі, калі езьдзім па рэгіёнах, і заўсёды тлумачым ім, што яны маюць магчымасьць зьвяртацца па абарону ў Беларусі, — кажа Свабодзе дарадца ў прававых пытаньнях UNHCR Цімафей Саладкоў. — Нехта кажа: так, будзем зьвяртацца. Але большасьць, асабліва тыя, хто атрымаў дазвол на пастаяннае пражываньне, не зацікаўленыя падаваць дакумэнты, каб стаць уцекачом афіцыйна.

Я не казаў бы, што яны, напрыклад, прыехалі проста да сваякоў, я казаў бы пра зьмяшаныя прычыны. Груба кажучы, я не ахвяра канфлікту, але баюся таго, што са мной можа здарыцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Ўкраіны, і выбіраю такі спосаб застацца ў Беларусі, як від на жыхарства».

Саладкоў кажа, што ва ўкраінцаў, якія не зьвяртаюцца па статус уцекача ў Беларусі, а проста жывуць зь відам на жыхарства, усё роўна ёсьць праблемы, у якіх не пашкодзіць дапамога:

«Я магу казаць толькі пра тых людзей, зь якімі мы сустракаемся, але гэта відавочна ня ўсе. Асноўнае пытаньне — ім патрэбна працаўладкаваньне. Частка людзей, асабліва старэчага ўзросту, кажа, што ня можа аформіць пэнсіі і сацыяльныя выплаты, калі ў іх часовае пражываньне. З часовым пражываньнем можна аформіць толькі выплаты на догляд дзіцяці, і тое пры пэўных умовах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG