Шасьцiгадовай дзяўчынкай я гасьцявала ў дзеда з бабуляй.
Студзеньскi вечар. Старэйшыя дзецi паклiкалi калядаваць. Першыя калядкi ў маiм жыцьцi.
Малой я любiла сьпяваць, танчыць. Суседзi запрашалi на свае сьвяты. Накшталт сучасных артыстаў. Задорвалi ласункамi, цацкамi. Грошы бацькi не дазвалялi прымаць, дый мяне яны не цiкавiлi. У гэтым сэнсе калядаваньне для мяне ня стала навiной. Але была нейкая незвычайнасьць у iм, таемнасьць, чароўнасьць.
Цёмна, мароз, зоркi... Хадзiлi вясёлым гуртам па вясковай вулiцы. Сьпявалi разам ля вокнаў. Гаспадары радасна запрашалi ў хату. Частавалі. Вiншавалi. Дзякавалi, што завiталi да iх.
Тыя Каляды засталiся адным з маiх найлепшых, найярчэйшых, найдаражэйшых успамiнаў дзяцiнства.
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org