Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад ці Ўсход: кожны павінен выбраць сам


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Мой знаёмец Коля, гадоў 45-ці, беларус, патрыёт дзяржавы, рашучы праціўнік беларускай мовы.

Прычына адна – яму нязручна гаварыць, пісаць, чытаць і слухаць па-беларуску. Думаю, такіх людзей мноства. Пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы. Вывучыць мову яны баяцца панічна.

Мне заўсёды хацелася знайсьці тлумачэньне гэтай зьявы. І я знаходжу яго ў выбары беларуса, які непазьбежна мусіць вызначыцца, да якога сьвету ён належыць – да заходняга ці да ўсходняга. Гэта ўнутраны выбар – як жыць, як паводзіць сябе, як глядзець на сьвет.

Усходні, расейскі сьвет увогуле ня ведае такой патрэбы, як вывучаць нейкую мову для штодзённага жыцьця. Ня ведае, што свая мова – гэта каштоўнасьць, бо няма з чым параўноўваць. Ня ведае, што сваю мову трэба абараняць, бо ніякай небясьпекі няма. Ня ведае натхнёнага ўнутранага стану гармоніі свае мовы, гісторыі, прыроды, традыцыі, бо ўсё гэта справа сыстэмы адукацыі, СМІ і якога-небудзь аддзела культуры, а не твая пэрсанальная. Абарона рускамоўных для чалавека ўсходняга сьвету – гэта абарона сваёй нязручнасьці ведаць іншую мову, гісторыю, культуру. Тое, што для чалавека заходняга сьвету – інтэлектуальны набытак, безумоўнае багацьце і пашырэньне ўласнай свабоды, для чалавека ўсходняга сьвету – замах на ўласны інфантылізм і рабскую сьвядомасьць.

Найвялікшая небясьпека для беларускай незалежнасьці ня ў тым, што сюды прыйдуць «ветлівыя чалавекі», а ў тым, што вялікай частцы беларусаў нязручная беларуская мова. Тое, што для чалавека заходняга сьвету гучыць абсурдна, для ўсходняга – гэтаксама нармальна, як «крымнаш» і «мудры Пуцін вярнуў Расеі веліч, нас зноў усе баяцца».

Кожны беларус мусіць рабіць свой выбар. Розьніца ў тым, што для ўсходняга выбару нічога рабіць ня трэба. Заходні выбар – сур’ёзная работа, бо гэта самасьцьвярджэньне, вылучэньне сябе з шэрае масы, гатовасьць адстойваць свае правы і незалежнасьць сваёй краіны, бо гэта безумоўная каштоўнасьць, якая не дыскутуецца.

Заўважная зьява апошняга часу – вядомыя расейскія інтэлектуалы і дзеячы культуры загаварылі пра (калі зблізіць паняткі) патрэбу «нязручнасьці беларускай мовы» для захаваньня чалавечай цывілізацыі на плянэце Зямля. Пра гэта кажа і паважаны расейскі рэжысэр Андрэй Канчалоўскі, чыё слова заўсёды было аўтарытэтным для вялікае колькасьці народу, у тым ліку і беларускага, у нядаўнім інтэрвію выданьню «Собеседник».

Эўропа загнівае, Амэрыка вораг, Пуцін мудры праваднік вышэйшых сэнсаў. «А што Расея загнівае – гэта што?» – пытаецца суразмоўца. «Гэта ты так бачыш» – адказвае мэтр.

Нічога новага ці асабліва дзіўнага ў гэтым усім няма. І беларус, які выбраў усходні сьвет, цалкам прыме гэта ўсё на свой рахунак. Асаблівасьць інтэрвію ў тым, што Канчалоўскі спрабуе капнуць углыб – у гісторыю і філязофію, а там, у глыбіні, адразу агаляюцца абсурды. Праўда, нішто не замінае мэтру прызнаць гэтыя абсурды за карысныя і адзіна правільныя, бо яснага бачаньня ўсяго і ўся не існуе.

«У спадчыну ад Візантыі нам дасталася Праваслаўе, але не дасталася ні юдэйскай схаластыкі, ні грэцкай філязофіі, ні рымскага права. І ў гэтым – як наш недахоп, так і наша перавага. І гэтую тэктанічную пліту пакуль нікому не ўдалося зрушыць».

На жаль, мала хто зь беларусаў ведае, што Эпоху Адраджэньня Беларусь прайшла ў складзе ўсёй астатняй Эўропы. У Расеі Эпохі Адраджэньня не было ўвогуле. Таму нам у спадчыну дасталася ня толькі праваслаўе, але і каталіцтва, і Унія, і пратэстантызм, і юдэйская схаластыка, і грэцкая філязофія, і рымскае права. Гэта значыць, што мы, беларусы, як ні круці, знаходзімся на іншай тэктанічнай пліце. Але ў сёньняшняй сытуацыі многія гэтага ня бачаць або ня хочуць бачыць і выбіраюць для сябе пліту Канчалоўскага.

Падкрэсьлю, што гаворка ідзе пра выбар агульнага бачаньня, з чаго кожны зробіць свае высновы. Я не заклікаю ўсіх гвалтам вучыць беларускую мову ці капаць акопы – гэта ўжо наступствы вашага выбару. Я ведаю беларускамоўных людзей, якія, тым ня менш, выбралі ўсходні сьвет і ўсходнюю мадэль бачаньня альбо байкатавалі гэты выбар. Яны аднолькава зацята лаюць і Пуціна, і Амэрыку з Эўропай, і «крымнаш» і правы чалавека. Пры тым самі правальваюцца ў пустату. Бо ніякага трэцяга сьвету паміж свабодай і рабствам, асьветай і цемрашальствам, Захадам і Ўсходам для беларуса не існуе. Мы ўсё адно будзем уцягнутыя ці ва Ўсход ці ў Захад. Але кожны мусіць зрабіць выбар сам.

Мой знаёмец Коля лічыць, што ніякага выбару не рабіў. Яму проста нязручная мова. Але тут як з выбарамі Лукашэнкі. Не хадзіў – значыць, «по умолчанию» выбраў Усход.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG