Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Допінгавыя скандалы ў беларускім спорце — гэта вынік яго ідэалягізацыі»


Абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: Беларусь на трэцім месцы ў сьвеце паводле пазбаўленых мэдалёў на дзьвюх Алімпіядах праз допінг. Пра гэта паведамляе газэта «Прессбол». Пераправеркі з пачатку гэтага году праводзілі Міжнародны алімпійскі камітэт і Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва ў ходзе дзьвюх хваляў. Быў зроблены паўторны аналіз больш за 1000 пробаў, станоўчымі былі 98, а 49 з іх далі прызёры Алімпійскіх гульняў 2008 і 2012 гадоў.

Сярод краін, пазбаўленых мэдалёў дзьвюх папярэдніх гульняў, галоўным допінгавым парушальнікам стала Расея. Там у допінгавыя скандалы ўцягнута больш за 1000 чалавек. Другім ідзе Казахстан, у якога 9 станоўчых допінг-пробаў сярод мэдалістаў, і трэцяе месца ў Беларусі — 7 пробаў. Усяго ў сьпісе 10 краін, далей Украіна, Армэнія, Азэрбайджан, Куба, Турэччына, Узбэкістан. У нас алімпійскіх мэдалёў былі пазбаўленыя Аксана Мянькова, Натальля Міхневіч, Анастасія Новікава, Андрэй Рыбакоў, Надзея Астапчук, Ірына Кулеш і Марына Шкірманкова.

трэба паглядзець на тэндэнцыю сярод краін сьпісу. Большасьць зь іх — гэта краіны постсавецкай прасторы. Гэта наводзіць на думкі, што яны, відаць, не знайшлі сябе ў новай рэчаіснасьці

Гэта інфармацыя жахлівая для беларускага спорту, але трэба паглядзець на тэндэнцыю сярод краін сьпісу. Большасьць зь іх — гэта краіны постсавецкай прасторы. Гэта наводзіць на думкі, што яны, відаць, не знайшлі сябе ў новай рэчаіснасьці. Спартовыя школы пасьля развалу СССР аднавіць або ўтрымаць не ўдалося. Калі глядзець на беларускі спорт, то ў мяне шмат пэсымізму, бо спартсмэны, якія ў Беларусі самыя вядомыя, як Домрачава ці Азаранка, узгадаваныя па вялікім рахунку не Беларусьсю. Яны павінны быць удзячныя краінам, дзе яны трэніруюцца. Колькі спартоўцаў яшчэ ў 90-х выяжджала зь Беларусі. На Захадзе робяць бізнэс Максім Мірны — мае сваю школу, Віталь Шчэрба — таксама. Людзі не знаходзяць сябе ў Беларусі ў прафэсійным сэнсе, таму што гэта не зьяўляецца бізнэсам.

Грошы — гэта асноўнае, што можа людзей матываваць. У нас гэты чыньнік адсутнічае, бо ніхто б тады не паехаў, дабіваліся б посьпеху тут. Дзяржава, якая хоча на спорце рабіць сабе імідж, знайшла іншы спосаб дамагчыся мэдалёў, які ня толькі не дае гарантый сваёй надзейнасьці, а наадварот значна пагаршае імідж. Што будуць пра Расею думаць на бліжэйшых Алімпіядах? Гэта краіна, якая надоўга сабе імідж спартовай краіны зьнішчыла. Якімі б добрымі не былі асобныя спартоўцы. Да гэтага ідзе велізарнымі крокамі і Беларусь. Здаецца, 7 спартоўцаў — не такая вялікая лічба ў параўнаньні з агульнай колькасьцю. Але гэта трагічная сытуацыя, ня менш трагічная, чым беларуская эканоміка.

Карбалевіч: Праблема з допінгам у беларускім спорце даўняя і вельмі актуальная. Чаму менавіта Беларусь найбольш кранае гэтая праблема?

Мой адказ такі. Вялікі спорт — гэта вялікая індустрыя. Для яго разьвіцьця патрэбныя вялікія грошы, інвэстыцыі. Невыпадкова ў сьпісе краін, якіх улічылі ў пытаньні допінгу, постсавецкія краіны, то бок бедныя.

Беларусь — краіна небагатая, а амбіцыі ў спорце вялікія, значна перавышаючыя магчымасьці краіны. І самы просты шлях для атрыманьня вынікаў — гэта допінг.

Беларусь — краіна небагатая, а амбіцыі ў спорце вялікія, значна перавышаючыя магчымасьці краіны. І самы просты шлях для атрыманьня вынікаў — гэта допінг

Допінг выкарыстоўваюць усе. Але ў багатых і разьвітых краінах створаная сыстэма праверкі, адаптацыі мэдыкамэнтаў да патрабаваньняў антыдопінгавага агенцтва. Там створаныя сучасныя лябараторыі, якія дазваляюць і прымаць прэпараты, і не пападацца. А ў бедных краінах такой сучаснай сыстэмы няма. Вось і апынулася Беларусь сярод лідэраў па допінгу.

Цыганкоў: Перамогі ў спорце вельмі важныя ў Беларусі для палітыкі, яны становяцца ідэалягічным чыньнікам. У спартоўцаў, іх трэнэраў, людзей з фэдэрацый магла б узмацніцца думка пра перамогу любой цаной. Злоўленыя беларускія спартоўцы — справы мінулага. Год таму на фоне вялікага допінгавага скандалу ў Расеі, калі яе зборную лёгкаатлетаў адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, спартовыя аналітыкі казалі, што ў Беларусі падобнага вялікага скандалу ня можа быць, бо няма прывязкі спорту да палітыкі як у Расеі на момант Алімпіяды ў Сочы, калі Расея фактычна прадставіла сваю перамогу як геапалітычную задачу. У Беларусі, маўляў, усё прасьцей, але як аказалася...

Перамогі ў спорце вельмі важныя ў Беларусі для палітыкі, яны становяцца ідэалягічным чыньнікам

Будзем спадзявацца, што гэта справы мінулага. Калі знайшлі гэтыя допінгавыя пробы на Алімпіядах 2008, 2012 гадоў, спартоўцы, у тым ліку аналітыкі, запэўніваюць нас, што з таго часу ў беларускім спорце шмат чаго зьмянілася, асабліва пасьля таго скандалу ў Рыё, калі ўбачылі, што міжнародныя антыдопінгавыя структуры ўзяліся за гэта вельмі сур’ёзна.

Пасьля скандалу зь беларускімі весьлярамі, якіх не дапусьцілі да Алімпіяды, якія маглі прынесьці алімпійскія мэдалі, у Беларусі зразумелі, што любой цаной ужо ня пройдзе. Так ва ўсялякім разе сьцьвярджаюць беларускія спартовыя журналісты. Будзем спадзявацца, што гэта так і ёсьць, але мінулае не адмовіш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG