Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мяняецца імідж Аляксандра Лукашэнкі ў вачах расейскай грамадзкасьці?


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Ільяш.

Ільяш: Падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што ён упершыню публічна выкарыстаў акуляры. Падчас адказу на пытаньне расейскай журналісткі пра заробкі беларусаў Лукашэнка зьвярнуўся да нейкіх дакумэнтаў, дзе былі выкладзеныя статыстычныя зьвесткі. «Мне такія дакумэнты далі, што давядзецца надзець акуляры. Мабыць, першы раз у жыцьці», — сказаў ён.

Сапраўды, упершыню публічна Лукашэнка скарыстаўся акулярамі. Добра вядома, што на адной з мінулых прэс-канфэрэнцый (на гэта ўжо зьвярталі ўвагу СМІ) прэзыдэнту давалі дакумэнты з вельмі вялікімі літарамі, каб не было неабходнасьці браць акуляры. Тады было шмат разважаньняў наконт таго, што Лукашэнка ня хоча дэманстраваць падзеньне зроку, свае недахопы, каб не сапсаваць свой імідж, так бы мовіць, супэрмэна — актыўнага, агрэсіўнага, заўсёды маладога і поўнага сілаў кіраўніка, перад якім ня можа быць невырашальных задач.

Сёньня Лукашэнка ўжо ня так трымаецца за свой вобраз такога мясцовага супэрмэна, а патроху прымярае імідж такога палітычнага патрыярха, мудрага старца.

Некаторыя ў сацсетках ужо пішуць, што, магчыма, гэты эпізод на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі быў сплянаваны, каб патроху рыхтаваць людзей да таго, што ён будзе цяпер час ад часу зьяўляцца на публіцы ў акулярах. Ня ведаю, ці так гэта. Але мне ў любым выпадку здаецца, што сёньня Лукашэнка ўжо ня так трымаецца за свой вобраз такога мясцовага супэрмэна, а патроху прымярае імідж такога палітычнага патрыярха, мудрага старца.

Я раблю такую гіпотэзу не на падставе эпізоду з акулярамі, а на падставе аналізу публічных выступаў Лукашэнкі апошніх гадоў. У апошні час у выступах Лукашэнкі вельмі істотна зьнізілася агрэсіўная рыторыка ў прынцыпе — ня важна, у бок Захаду, Усходу, апазыцыі, Майдану ці нядбайных чыноўнікаў.

У выступах Лукашэнкі ўсё больш стала відаць адчуваньне сябе як фігуры гістарычнай.

Вельмі часта жартуюць пра вядомы выраз Лукашэнкі «жэстачайша» — жэстачайша разабрацца, пакараць кагосьці. Вось гэтага «жэстачайша» стала значна менш. Гэтая катэгарычная агрэсіўнасьць зьмяняецца пазыцыяй чалавека, які знаходзіцца над усімі штодзённымі праблемамі, які ўсіх перамог і ўсіх пераканаў і нават засумаваў трохі. У выступах Лукашэнкі ўсё больш стала відаць адчуваньне сябе як фігуры гістарычнай: ён ужо не зусім тут, у Беларусі 2016 году, ён ужо ў гісторыі.

Гэта было і раней, а цяпер становіцца ўсё больш, мне здаецца. Таму сёньня было так шмат разважаньняў, так бы мовіць, філязофскага характару, кшталту стаўленьня да гісторыі, да спадчыны, меркаваньня пра асновы патрыятызму і справядлівасьці і г. д. Той жа гандлёва-эканамічны складнік быў значна менш заўважны сёньня. У гэтым сэнсе і зьяўленьне Лукашэнкі ў акулярах выглядае цалкам лягічна.

А як вы лічыце, калегі, ці мяняецца мэдыйны імідж Лукашэнкі? Ці замяняе вобраз палітычнага патрыярха вобраз крутога хлопца?

Глод: Паколькі прэсавая канфэрэнцыя найперш разьлічаная на расейскую аўдыторыю, то я задаўся пытаньнем: якім уяўляецца вобраз кіраўніка Беларусі насельніцтву Расеі, асабліва ў глыбінцы? Думаю, найперш у вачах расейцаў у рэгіёнах ён выглядае добрым гаспадаром, у якога заўжды парадак у краіне. Можа, ён крыху і дзіўны, але ж справядлівы і мудры.

Лукашэнка добра разумее, што з прыродай, з узростам не паспрачаесься.

Лукашэнка пра гэта ведае і робіць усё, каб не сапсаваць свой імідж. І тут я заўважыў, што апошнім часам кіраўнік Беларусі паступова, але ўсьвядомлена зьмяняе свой вобраз. Усё ж ён ужо дайшоў да такога ўзросту, пра які кажуць, што трэба часьцей заглядаць у пашпарт. І Лукашэнка добра разумее, што з прыродай, з узростам не паспрачаесься. Таму былы імідж такога слаўнага простага хлопца, які б’е чаркі ў Крамлі, бегае па хакейнай пляцоўцы і г. д, ужо трэба зьмяняць.

У 2020 годзе, калі павінны адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары, Лукашэнку будзе ўжо 66 гадоў. А гэта ня той узрост, каб насіцца з клюшкай за шайбай. Наадварот, к гэтаму часу ён павінен выглядаць як мудры, дасьведчаны чалавек. Таму паступова імідж кіраўніка дзяржавы мяняецца. І акуляры — гэта толькі першая прыкмета зьменаў. Будуць, я ўпэўнены, і іншыя.

Магчыма, на выбарах 2020 году насельніцтву прапануюць прагаласаваць ужо за Віктара Лукашэнку.

Так, Лукашэнка па-ранейшаму, як я думаю, застаецца чалавекам, які зьбіраецца кіраваць Беларусьсю пажыцьцёва. Але гэта ня будзе ўжо той «вечна малады» прэзыдэнт. Лукашэнка зараз шукае той імідж, які дазволіць яму спадабацца бальшыні электарату. У сувязі з гэтым я заўважыў, што малодшы сын Лукашэнкі Коля стаў менш зьяўляцца на публіцы разам з бацькам. Мне думаецца, што ранейшая ўстаноўка насельніцтву — прэзыдэнт малады, у яго малыя дзеці і ўсё жыцьцё наперадзе — паступова карэктуецца. Магчыма, на выбарах 2020 году насельніцтву прапануюць прагаласаваць ужо за Віктара Лукашэнку, якому будзе дапамагаць першы час кіраваць краінай мудры патрыярх беларускай палітыкі, ён жа бацька новага прэзыдэнта.

Карбалевіч: Тут важна мець на ўвазе, што сюды прыехалі рэгіянальныя журналісты. Яны не часта сустракаюцца з кіраўнікамі другіх дзяржаў. А тут перад імі некалькі гадзін шчыруе Лукашэнка. Таму яны вельмі ўсьцешаныя, радуюцца, хваляць яго, робяць камплімэнты. І тыя мэдыя, якія яны прадстаўляюць, зразумела, піяраць Лукашэнка.
Але калі казаць пра Расею ўвогуле, то там стаўленьне да Лукашэнкі рознае. Шавіністычныя сайты бэсьцяць Беларусь і яе лідэра за здрадніцтва.

Лукашэнка кожны раз кажа адно і тое ж, паводле адной схемы: як добра ўсё ў Беларусі ў параўнаньні з Расеяй. Калі раней гэта неяк працавала, умацоўвала імідж Лукашэнкі ў Расеі, то цяпер ня думаю.
Што тычыцца агрэсіўнасьці. У гэтай аўдыторыі агрэсіўнасьць была б недарэчы. Тут няма праціўнікаў, усе ягоныя прыхільнікі. Таму шмат разважаньняў філязофскага складу.

Калі сытуацыя ў эканоміцы дрэнная, то якія тут ні рабі захады, надзявай акуляры ці не надзявай, наўрад ці гэта падыме рэйтынг.

Што тычыцца акуляраў, то тут Лукашэнка ня першы сярод сусьветных лідэраў, які саромеецца сваіх недахопаў. Нізкія людзі робяць абутак з тоўстай падэшвай. Стараюцца не карыстацца акулярамі. Вось Лукашэнка стараецца захаваць на галаве нейкую прычоску, якая не мяняецца два дзясяткі гадоў.

Але на імідж уплываюць ня гэтыя дробныя акалічнасьці, а трошкі іншая лёгіка палітычнага працэсу. Калі сытуацыя ў эканоміцы дрэнная, то якія тут ні рабі захады, надзявай акуляры ці не надзявай, наўрад ці гэта падыме рэйтынг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG