Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка хваліць расейскія рэгіёны і вінаваціць Крэмль?


Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Ільяш.

Глод: З усіх сёньняшніх выказваньняў Лукашэнкі пра беларуска-расейскія дачыненьні я для сябе найперш вылучыў тое, што прагучала на самым пачатку ягонай размовы з журналістамі. Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў расейскіх СМІ, кіраўнік Беларусі заявіў: «Менавіта рэгіёны Расеі выратавалі брацтва дзьвюх дзяржаў».

Але за прызнаньнем Лукашэнкі стаіць тое, што ў Маскве ў колах найвышэйшай улады доўгі час існуе недавер да Лукашэнкі.

Па гарачых сьлядах асьвятленьня прэсавай канфэрэнцыі Зьміцер Панкавец з «Нашай нівы» палічыў гэтыя словы камплімэнтам у бок гасьцей. Гэта, вядома, так. Але за прызнаньнем Лукашэнкі стаіць, на мой погляд, большае, а менавіта тое, што ў Маскве ў колах найвышэйшай улады доўгі час існуе недавер да Лукашэнкі. Канечне, цяпер ня тая сытуацыя, калі Анатоль Чубайс ратаваў Расею і Барыса Ельцына ад амбіцыяў Лукашэнкі стаць кіраўніком так званай саюзнай дзяржавы. Але ж у шчырасьць кіраўніка Беларусі ў Крамлі вераць ня ўсе.

Уласна кажучы, сёньня Лукашэнка гэта прызнаў сам. Ён сказаў так: «Калі мы не стварылі адзінага парлямэнту і ўраду, не прынялі адзінай канстытуцыі, то, паверце, не Беларусь тут вінаватая. Мы занадта рамантычныя былі 20 гадоў, але ўсё аказалася ня надта проста. Зьявіліся групы ўплыву, ды і паміж дзяржавамі былі рознагалосьсі».

На мой погляд, недавер Пуціна да Лукашэнкі (як і наадварот, кіраўніка Беларусі да кіраўніка Расеі) і замінае сапраўднай інтэграцыі дзьвюх краінаў. Прычым іхныя асабістыя дачыненьні, як можна меркаваць, не паляпшаюцца, а пагаршаюцца. І гэта таксама аб’ектыўны працэс. Бо лідэры з дыктатарскімі амбіцыямі ня здольныя дамаўляцца. Сутнасьць іх рэжымаў якраз не ў разумных кампрамісах, а ў тым, як захапіць паўнамоцтвы, і ў тым, каб імі не дзяліцца.

Адсюль і адпаведныя вынікі. Дзе дасягнуты найбольшы прагрэс у беларуска-расейскіх дачыненьнях? У міжнароднай і вайсковай сфэрах. Чаму менавіта тут? А таму, што тут у абодвух «правадыроў» адзіны вораг — Захад. Што сёньня зноў жа пацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка: «Разыходжаньняў па міжнародным парадку дня ў Беларусі і Расеі няма. Мы выступаем адзіным фронтам. У гэтым сьвеце нам трэба трымацца разам».

Калі надышоў час канкрэтнага выбару — на чый бок стаць, украінскі ці расейскі — Беларусь падтрымала Маскву.

Дарэчы, тое, як Масква і Менск трымаюцца разам на міжнароднай арэне, мы абмяркоўвалі ў «Трайным удары» ўчора. Разам з Дзьмітрыем Гурневічам і Віталём Цыганковым мы дыскутавалі на тэму, чаму афіцыйны Менск спрабаваў выключыць з парадку дня пасяджэньня Трэцяга камітэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў рэзалюцыю, якая асуджала становішча з правамі чалавека ў Крыме. Калі надышоў час канкрэтнага выбару — на чый бок стаць, украінскі ці расейскі — Беларусь падтрымала Маскву. І гэтым усё сказана пра так званую нэўтральную і шматвэктарную беларускую пазыцыю.

Дарэчы, сёньня на афіцыйным сайце МЗС Беларусі зьявілася паведамленьне аб супольным пасяджэньні ў Менску 22 лістапада калегіяў двух зьнешнепалітычных ведамстваў — Беларусі і Расеі. Як і ў мінулыя гады, на ім абмяркуюць пытаньні супрацы дыпляматаў дзьвюх краінаў у міжнародных арганізацыях, найперш ААН. Няма сумневу, на што скіраваная такая супраца.

Ільяш: Мы ня першы раз кажам пра тое, што Лукашэнка супрацьстаўляе стасункі з рэгіёнамі, так бы мовіць, стасункі з сапраўднай Расеяй, з народам, і стасункі з Крамлём, які раз ад разу перашкаджае сяброўству дзьвюх братэрскіх краінаў, Расеі і Беларусі.

Але мне здаецца, што гэтая дыфэрэнцыяцыя больш складаная. Калі ён кажа пра Крэмль, ён усё ж кажа пра абстрактны Крэмль — пра нейкае безыменнае кіраўніцтва, невядомых чыноўнікаў. Але без указаньня на галоўнага чалавека сёньня ў Расеі — Пуціна. Падчас сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі гэта гучала выразна: мы з Пуціным сябры, у нас няма праблемаў сустрэцца і абмеркаваць усе пытаньні, хоць пытаньні могуць быць вельмі сур’ёзныя і складаныя. Але праблем асабіста з Пуціным нібыта няма.

Гаворка ідзе нібыта пра нейкія групоўкі ў кіраўніцтве Расеі, якія перашкаджаюць інтэграцыі, ставяць палкі ў колы.

Гэтая дыфэрэнцыяцыя выглядае хутчэй так: ёсьць найвышэйшае кіраўніцтва (то бок Пуцін, зь якім праблем няма і зь якім Лукашэнка сябруе). Ёсьць кіраўніцтва, так бы мовіць, менш уплывовае — нейкія міністры, алігархі, крамлёўскія чыноўнікі, якія і перашкаджаюць дружбе і інтэграцыі дзьвюх краін. І ўрэшце ёсьць рэгіёны расейскія, якія прадстаўляюць той народ, зь якім сябруе і Лукашэнка, і беларусы, і наогул адчуваюць сябе амаль адзіным цэлым. У гэтым пляне вельмі выразнымі выглядаюць ўсе заявы Лукашэнкі. Так, было падкрэсьлена, што ў міжнародным парадку дня няма ніякіх разыходжаньняў, ёсьць перакананьні, што мы амаль «адзін народ» (прынамсі зноў было сказана «мы ж рускія людзі», «мы брацкія дзяржавы»). Ну і ёсьць вельмі шмат эканамічных праблемаў з доступам на рынкі Саюзнай дзяржавы, рынкі Эўразійскага эканамічнага саюзу — і тут гаворка ідзе нібыта пра нейкія групоўкі ў кіраўніцтве Расеі, якія перашкаджаюць інтэграцыі, ставяць палкі ў колы.

Тут трэба згадаць вельмі важную, мне здаецца, заяву пра тое, што Лукашэнка прапанаваў расейскаму кіраўніцтву, так бы мовіць, абмяняць чатыры найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы, якія хоча прыватызаваць Расея, на акцыі «Башнефти» — расейскай нафтавай кампаніі, якую ў выніку атрымала «Роснефть» Ігара Сечына. Лукашэнка казаў пра тое, што вырашэньне гэтага пытаньня вырашыла б і ўсе праблемы Беларусі эканамічныя, Беларусь стала б адразу квітнеючай эўрапейскай дзяржавай. Але ж зноў нейкія неназваныя людзі ў кіраўніцтве Расеі (прозьвішча Пуціна зноў не прагучала) перашкаджаюць вырашэньню гэтага пытаньня.

Карбалевіч: Цікавае наступнае назіраньне. З аднаго боку, Лукашэнка ўвесь час паказвае ляяльнае, прыязнае стаўленьне да Расеі. Расейцы — нашы родныя людзі, расейская мова — наша родная мова, у нас палову ўраду расейцы. Мы абараняем Расею ад ваеннай пагрозы з Захаду і гэтак далей.

Лукашэнка як бы незаўважна прыніжае Расею, паказвае, што ў параўнаньні з Беларусьсю ў Расеі ўсё дрэнна.

Але з другога боку, адначасова Лукашэнка як бы незаўважна прыніжае Расею, паказвае, што ў параўнаньні з Беларусьсю ў Расеі ўсё дрэнна. У Беларусі добрыя і танныя лекі, але Расея не хацела пускаць беларусаў на свой рынак. Тое самае і з харчаваньнем. Расея ў ЖКГ пусьціла прыватнікаў, таму там усё дрэнна, у Беларусі у гэтай сфэры дамінуе дзяржава, таму ўсё добра. У Расеі карупцыя, у Беларусі яе мала.

Беларускія мэдыя, на думку Лукашэнкі, больш патрыятычныя, яна заўсёды больш увагі ўдзялялі памяці пра Вялікую Айчынную вайну, у адрозьненьне ад Расеі. Мы не «кастыляем» Сталіна, кажа кіраўнік Беларусі, а ў Расеі ў яго кідаюць камяні. Там прыйшлі да ўлады таўстасумы, якія маюць вялізную нерухомасьць за мяжой, там вялізная розьніца паміж беднымі і багатымі, а ў Беларусі роўнасьць. Расея не саромеецца пераймаць наш досьвед.

Дзень Незалежнасьці Расеі няправільны, кажа Лукашэнка. Ад каго вы сталі незалежнымі? Ад Беларусі? Вы нарабілі шмат «ерунды».
І іншыя ўсялякія папрокі Расеі: Масква тармозіць рэалізацыю дамовы Саюзнай дзяржавы, Расея не дае магчымасьці дабываць нафту Беларусі, не пускае БТ у Расею.

Лукашэнка так асьцярожна, але пакрытыкаваў Расею за вайну ва Ўкраіне.

Трэба заўважыць, што Лукашэнка так асьцярожна, але пакрытыкаваў Расею за вайну ва Ўкраіне. Ён казаў, што пераможцаў у гэтай вайне ня будзе. Што, маўляў, вось агітуюць па расейскім ТБ за вайну, а я хачу спытаць: вашыя дзеці ваююць? Нельга дэманстраваць, што вы крутыя, кажа беларускі лідэр.

На што я зьвярнуў вагу, пра нафтагазавы канфлікт Лукашэнка нічога не гаварыў.

Галоўнае, што хацеў давесьці Лукашэнка расейскім мэдыя: Расеі не пашанцавала з кіраўніком так, як пашанцавала беларусам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG