«Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у 500 даляраў у наступным годзе... Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы наблізіліся да 500 даляраў», ― сказаў Лукашэнка чыноўнікам падчас наведваньня Магілёўскай вобласьці.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу, што павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасьці працы немэтазгодна.
Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб у камэнтары Свабодзе падкрэсьліў: важна адзначыць, што цяперашняе абяцаньне заробку ў памеры 500 даляраў было зроблена ў жорсткай увязцы з умовай аб росьце прадукцыйнасьці працы:
«Гэта значыць, сёньняшняе абяцаньне вельмі істотна адрозьніваецца ад шэрагу папярэдніх абяцаньняў заробку і 500, і 1000 даляраў, якія нічым не абгрунтоўваліся. І раней усе вынікі дасягаліся з дапамогай друкарскага станка.
Сёньня сярэдняя заработная беларусаў у даляравым эквіваленце — каля 370 даляраў. Для дасягненьня заробку ў 500 даляраў патрэбен рост амаль у паўтара раза. Калі кіраўнік дзяржавы згадвае ў сувязі з заробкам прадукцыйнасьць працы, то і яна павінна вырасьці ў столькі ж разоў.
Бо што такое прадукцыйнасьць працы? Гэта адносіны выпуску прадукцыі да колькасьці занятых. Тут варта яшчэ дадаць, што мала прадукцыю выпусьціць, трэба вырабляць такую прадукцыю, якая прадаецца.
Як тэарэтычна можна дасягнуць росту прадукцыйнасьці працы? Альбо павялічыць выпуск і продажы ў паўтара раза, альбо пры захаваньні цяперашняга выпуску скараціць колькасьць занятых у паўтара раза. Альбо камбінацыя гэтых двух фактараў.
З майго пункту гледжаньня, як рост выпуску прадукцыі ў паўтара раза, так і скарачэньне ў паўтара раза колькасьці занятых у наступным годзе практычна немагчымыя. Таму, думаю, гэтае пажаданьне кіраўніка краіны налета ня будзе выкананае. І таму заўсёды можна будзе нагадаць, што, маўляў, «вы (маючы на ўвазе насельніцтва краіны) не забясьпечылі рост прадукцыйнасьці працы, таму і не атрымалі заробку 500 даляраў. Самі вінаватыя».