Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падатак на дармаедзтва аказаўся не ратункам, а пасткай»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: Беларуская ўлада засакрэціла выдаткі на пошук «дармаедаў». Падобна, гэта адбылося таму, што чыноўнікі заблыталіся ва ўласнай аргумэнтацыі ўвядзеньня падатку на дармаедзтва.

Калі ўлады яшчэ толькі зьбіраліся ўводзіць гэты падатак, яны неаднаразова казалі, што пад яго падпадзе ня меней за 400 000 чалавек. Аднак, паводле апошняй інфармацыі, адпаведныя патрабаваньні накіраваныя толькі 50 000 чалавек. У гэтай сувязі грамадзянская кампанія «Гавары праўду» задалася пытаньнем: а ці не перавысяць выдаткі на збор неабходнай інфармацыі і непасрэдны збор падаткаў рэальныя паступленьні ў бюджэт?

«Гавары праўду» накіравала адпаведны запыт у Міністэрства па падатках і зборах. Актывісты прасілі разабрацца ў сытуацыі і адказаць на простыя пытаньні: у што абыходзіцца збор падатку на дармаедзтва?, ці праўда, што гэтая працэдура абыходзіцца падаткаплацельшчыкам даражэй за атрыманыя ад «сацыяльных утрыманцаў» сумы?

Але ў адказе лідэру кампаніі Андрэю Дзьмітрыеву намесьнік міністра Ўладзімер Муквіч «засакрэціў» гэтыя лічбы. Прычым ён абгрунтаваў свой адказ тым, што дадзеныя лічбы не падлягаюць разгалашэньню «у рамках артыкулу 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10.11.2008 году «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

Спадар Дзьмітрыеў гаворыць, што адказ намесьніка міністра яго не задавальняе. Замест канкрэтных лічбаў — сыход ад сутнасьці праблемы. А яна, на думку лідэра «Гавары праўду», у тым, што чыноўнікі не валодаюць сытуацыяй. Таму актывісты зьвернуцца ў Палату прадстаўнікоў з просьбай зрабіць дэпутацкі запыт і атрымаць канкрэтны адказ на пытаньне: ці апраўданы гэты збор?

Кампанія «Гавары праўду» перакананая: запатрабаваная інфармацыя, у якой зацікаўлена беларускае грамадзтва, на справе не падпадае пад закон «Аб дзяржаўнай таямніцы» і павінна быць прадстаўлена грамадзянам для абʼектыўнай ацэнкі сытуацыі, якая склалася.

Яшчэ «Гавары праўду» заклікае адмяніць абразьлівы з гледзішча маральнасьці і эканамічна неэфэктыўны падатак на гультаёў. Замест гэтага варта распрацаваць заканадаўчую базу па ўвядзеньні адзінага збору для фрылянсэраў, забясьпечыць сацыяльную абарону, для тых, хто страціў працу, стварыць умовы для разьвіцьця прафэсійнай пераарыентацыі, разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу.

Што тычыцца незалежнай ацэнкі сытуацыі, то экспэрты ўпэўненыя — барацьба з дармаедзтвам абыдзецца даражэй сумнеўнай выгады і абернецца новай хваляй эміграцыі зь Беларусі.

Упершыню разабрацца з дармаедамі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў на пачатку лістапада 2014 году. 14 студзеня 2016 году апублікаваны Закон аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Закон прапісвае адміністрацыйную адказнасьць дармаедаў за нявыплату аброку. Рэальна гэта — штраф памерам ад дзьвюх да чатырох базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Больш за тое, у выпадку нявыплаты збору, адміністрацыйна арыштаваныя асобы ў абавязковым парадку будуць прыцягвацца да выкананьня грамадзка-карысных работ.

Цыганкоў: Праблемы з падаткам на дармаедзтва якраз зьвязаныя з тым, што перад дзяржавай тут стаяць дзьве ўзаемавыключальныя задачы: першая і пераважная — як мага больш сродкаў сабраць у бюджэт. І ўсе чыноўнікі адпаведна сваёй кампэтэнцыі кінуліся гэтую задачу выконваць. У выніку мы маем у прэсе цэлы шэраг анэкдатычных выпадкаў, калі ў дармаеды залічвалі самых розных людзей, якія там быць не павінны, напрыклад, вядомых мастакоў. Гэта паказвае і ўзровень нашага чынавенства, і тое, што на іх ціснуць зьверху, давай вынікі.

Дзяржава ляпнула арыентацыю на 400 тысяч — відавочна, столькі ніяк ня будзе. Значная частка людзей, якія не працуюць, альбо за мяжой, альбо маюць нейкія формы занятасьці, якія дазваляюць ім не лічыцца дармаедамі.

Другая задача — захаваць выгляд нейкай сацыяльнай справядлівасьці. Беларуская дзяржава прэтэндуе на тое, каб называцца сацыяльнай, і гэта ёсьць аснова ўсёй ідэалёгіі, дзяржаўнай прапаганды, што дзяржава нібыта клапоціцца пра людзей.

у эўрапейскіх краінах, калі чалавек ня мае працы, то дзяржава дапамагае яму. У гэтым бачаць сутнасьць дзяржавы — дапамагчы чалавеку, які, што называецца, часова ў бядзе

Калі людзі з замежжа даведваюцца пра гэта, яны, мякка сказаць, у шоку. Там, у эўрапейскіх краінах, калі чалавек ня мае працы, то дзяржава дапамагае яму. У гэтым бачаць сутнасьць дзяржавы — дапамагчы чалавеку, які, што называецца, часова ў бядзе. Пра гэта ідзе шмат дыскусій, можа быць занадта шмат сацыялізму зараз у Эўропе, але там рэальна сацыяльныя дзяржавы. А ў Беларусі на самай справе сацыяльнай абароненасьці намнога менш. Тут пануе нейкі намэнклятурны недакапіталізм, і стаўленьне да дармаедаў выдатна падкрэсьлівае, што ўсе заваёвы сацыяльнай дзяржавы, калі яны і былі, апошнія два-тры гады вельмі імкліва зьнікаюць.

Гурневіч: Калі дзяржава залішне ўмешваецца ў грашовыя справы насельніцтва, дзе б тое не было, гэта заўсёды вяртаецца бумэрангам. Альбо масавым незадавальненьнем, альбо стратамі для самой дзяржавы. Прычыны масавага задавальненьня вядомыя, а страты вынікаюць з-за ўзьнікненьня «чорнага рынку» альбо неэфэктыўнай працы дзяржаўных органаў.

атрымліваецца, што спробы дзяржавы падзарабіць на падатку для беспрацоўных — неэфэктыўныя. Інакш зразумець адмову ў прадстаўленьні лічбаў нельга.

Мне падаецца, што ў выпадку з падаткам на дармаедзтва спрацавалі абодва гэтыя чыньнікі. Немагчыма абʼектыўна ацаніць колькасьць так званых дармаедаў, паколькі людзі ў нас даволі кемлівыя і навучыліся абыходзіць самыя складаныя перашкоды. Дзяржава не дае рады ў змаганьні з крэатыўнасьцю людзей. У выніку атрымліваецца, што спробы дзяржавы падзарабіць на падатку для беспрацоўных — неэфэктыўныя. Інакш зразумець адмову ў прадстаўленьні лічбаў нельга. Улады ў нас любяць шастаць статыстыкай і паказваць рост дабрабыту людзей на паперы. Любую статыстыку паводле адпаведнай мэтодыкі можна зрабіць больш карыснай. Марк Твэн некалі добра прыкмеціў, што ёсьць хлусьня, нахабная хлусьня і статыстыка. Але бадай лічбы наконт дармаедаў настолькі ніякія, што чыноўнікі не захацелі хваліцца сваім «посьпехам».

Сытуацыя з падаткам на дармаедзтва гэта ўсяго ілюстрацыя ўсёй сыстэмы, якая існуе сёньня ў Беларусі. Дзяржаўная эканоміка, кіраваная ўручную, а не па законах рынку і канкурэнцыі. І, дарэчы, увядзеньне такога падатку — таксама гэтаму сьведчаньне. Сытуацыя настолькі кепская, што даводзіцца хапацца за саломінку і ўводзіць сьмешныя па сваёй сутнасьці вырашэньні. Пры тым, што афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі на малым узроўні, такіх рашэньняў увогуле не павінна было б быць. Але і справа дармаедаў пацьвярджае, што афіцыйная статыстыка на гэты конт — ня вартая асаблівага даверу. Улады ведаюць сапраўдны стан рэчаў, што сотні тысяч беларусаў працуюць у Расеі, не плацячы ў Беларусі падаткаў. І гэта спроба ўварваць ад іх хоць нешта. Зрэшты, гэта і ёсьць сыстэма, якую будуе Лукашэнка. Некалі ён сказаў, што беларуская ідэя простая: трэба быць як мыш, калі бачыш вольную дзірку — бяжы. Падатак на дармаедзтва падаваўся яму такой дзіркай. Але цяпер выяўляецца, што гэта хутчэй пастка, чым выхад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG