Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей даў інтэрвію Радыё ААН з нагоды ўдзелу беларускай дэлегацыі ў працы Генасамблеі ААН. Поўную стэнаграму інтэрвію публікуе сайт МЗС.
Макей заявіў, што лічыць вартым разважаць не пра нейкія тэхнічныя моманты Мэтаў устойлівага разьвіцьця, разьлічаных да 2030 году, а пра канкрэтныя дзеяньні дзеля дасягненьня гэтых мэтаў:
«Мы на гэтай сэсіі лічым, што трэба неадкладна займацца пытаньнямі ўрэгуляваньня канфліктаў — вайсковых канфліктаў, якія адбываюцца цяпер у розных рэгіёнах сьвету. Мы чуем сотні, тысячы словаў з высокіх трыбунаў на гэты конт, але канкрэтных дзеяньняў, асабліва ад вядучых геапалітычных гульцоў, ад якіх і залежыць гэтая сытуацыя, мы ня бачым. Таму трэба сур’ёзна задумацца, скажам, я б назваў, пра „новы ўсясьветны парадак“, які дапамог бы спыніць гэтыя канфлікты».
Ён згадаў часы халоднай вайны, калі ААН была сталом перамоваў лідэраў розных поглядаў — на думку Макея, іх рашэньні дазволілі спыніць гонку ўзбраеньняў і выйсьці на спакойнае разьвіцьцё. Цяпер, лічыць Макей, сытуацыя ня меней небясьпечная, чым у часы халоднай вайны.
Фраза «новы ўсясьветны парадак» ужывалася адносна нэакаляніялізму, у часы стварэньня Лігі нацыяў, а потым ААН і НАТО, у часы распаду СССР і вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. Сярод дзейных на сёньня лідэраў краінаў сьвету да стварэньня «новага ўсясьветнага парадку» заклікаў кіраўнік Ірану Махмуд Ахмадзінэжад. Фраза часта ўжываецца ў кансьпіралягічных тэорыях як некарэктны пераклад лацінскай фразы «Novus ordo seclorum» («Парадак новай эры») зь Вялікай пячаткі ЗША.